У снежні 2022 года выйшаў першы нумар штоквартальнага часопіса «Разведчик», створанага па ініцыятыве савета ветэранаў Службы знешняй выведкі Расейскай Федэрацыі. У адным з артыкулаў часопіса распавядаецца пра КДБ Беларусі.

«У прафесійным асяроддзі Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь мае рэпутацыю эфектыўнага ведамства, супрацоўнікі якога паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі і дабіваюцца высокіх вынікаў у супрацьдзеянні дэструктыўным памкненням заходніх дзяржаў.

У рамках міжнароднага супрацоўніцтва беларускія чэкісты вядуць абмен інфармацыяй па праблематыцы міжнароднага тэрарызму і арганізаванай злачыннасці з шырокім колам партнёраў — ад суседзяў па СНД да ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая. Прычым замежныя сувязі КДБ Рэспублікі Беларусь увесь час пашыраюцца: на пачатак 2022 года падтрымліваўся кантакт з 46 замежнымі спецслужбамі», — гаворыцца ў артыкуле.

Як спалучаецца «супрацьдзеянні дэструктыўным памкненням заходніх дзяржаў» з «беларускія чэкісты вядуць абмен інфармацыяй з ЗША, Вялікабрытаніяй» — пытанне не высветленае.

У матэрыяле таксама паведамляецца, што агульная колькасць супрацоўнікаў КДБ Рэспублікі Беларусь не перавышае 10 000 чалавек. Раней дадзеныя аб колькасці супрацоўнікаў КДБ нідзе не прыводзіліся, у артыкуле на «Вікіпедыі» напісана, што гэтая інфармацыя засакрэчана.

Маскоўскія калегі падвялі беларускіх.

У часопісе таксама расказалі аб структуры КДБ Беларусі. Паведамляецца, што асноўнымі падраздзяленнямі ведамства з’яўляюцца:

Галоўнае ўпраўленне контрвыведкі;

Галоўнае ўпраўленне знешняй выведкі;

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй і аргзлачыннасцю;

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам;

Упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва;

тэрытарыяльныя падраздзяленні (шэсць упраўленняў па абласцях).

Новы Час