
Шэраг сваякоў і колішніх палітвязняў рэжыма Лукашэнкі аб’ядналіся ў ініцыятыву і апублікавалі адкрыты зварот да лідараў свабоднага свету з просьбай актывізацыі працэса вызвалення палонных. А сябе яны прапануюць у якасці актыўных удзельнікаў у гэтым працэсе праз пошук і распрацаванне альтэрнатыўных падыходаў, тактыкі і стратэгіі.
Аўтары ліста нагадваюць пра нябачаны дагэтуль ровень палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, пра здзекі, прыніжэнні і катаванні, якія перажываюць штодня палітзняволеныя і іх родныя. Заснавальнікі ініцыятывы канстатуюць, што за 2,5 гады дэклараванага змагання за вызваленне палітвязняў, насамрэч вызваліць удалася ўсяго некалькі чалавек, і што гэта было вынікам хутчэй двухбаковых непублічных дамоўленасцяў наконт асобаў, якія маюць падвойнае грамадзянства, або з’яўляюцца этнічнымі прадстаўнікамі суседніх з Беларуссю народаў. На думку аўтараў, гэта з аднаго боку сведчыць пра недастатковую эфектыўнасць абранай стратэгіі і тактыкі вызвалення, але з другога боку натхняе на пошук больш прадуктыўных варыянтаў дзеяння публічнага і непублічнага характару.
Стваральнікі ініцыятывы сцвярджаюць, што нават ва ўмовах развязанай Расеяй вайны тэма палітычных зняволеных у Беларусі не мусіць быць менш важнай, бо ў абодвух выпадках гаворка ідзе пра грунтоўныя агульначалавечыя каштоўнасці.
На дадзены момант зварот мае 29 адкрытых ці схаваных подпісаў, сярод падпісантаў значацца сваякі палітвязняў Таццяна Хоміч, Аляксандр Лойка, Ігар Ільяш, Святлана Мацкевіч, Вольга Івашына; колішнія палітвязні Віктар Пархімчык, Іна Шырокая, Дар’я Чульцова, Сяргей Стальмакоў, Вадзім Хіжнякоў ды інш.