
Сваякі журналіста Дзяніса Івашына даведаліся, што 6 студзеня палітвязень зноў патрапіў у карцар паводле нявысвятленых прычынаў.
Чарговае «пакаранне» складала 7 содняў, аднак, Івашын яго не дасядзеў. У нядзелю 8 студзеня ён адчуў сябе вельмі кепска, звярнуўся па дапамогу да турэмнага медыка, які прыняў рашэнне перавесці яго ў карантын і прызначыў «ложкавы рэжым», калі вязень удзень можа ляжаць на ложку. Гэта значыць, што фізічны стан Дзяніса значна пагоршыўся падчас адбыцця «пакарання» ў карцары.
Пра тое, як Івашын адчувае сябе зараз, сваякі не змаглі даведацца праз тэлефон у медсанчастцы гарадзенскай турмы, таму шукаюць магчымасць атрымаць гэтую інфармацыю іншым чынам.