У праўладным тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў, з’явіўся ролік з затрыманнем супрацоўнікамі ГУБАЗ і АМОН жыхара Гародні, які нібы адміністраваў дваровыя чаты, сярод якіх «Гродно Центр 97%»; удзельнічаў у пратэстных мітынгах і заклікаў іншых удзельнічаць у іх, а таксама прымяняць гвалт у дачыненні да міліцыянтаў, даслоўна, «паліць аўтазакі».

Тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область» высвятліў, што затрыманага завуць Сяргей Ботвіч. Сілавікі паведамляюць, што ён працуе кухарам у гарадзенскай піцэрыі.

На відэа яскрава бачна, што мужчына не супраціўляецца пры затрыманні, аднак яго ўсё адно хапаюць з прымяненнем сілавых прыёмаў, жорстка бяруць за шыю і прыціскаюць да зямлі ды кладуць проста ў бруд. Далей ідзе стандартнае «прызнанне» ў «грахах» перад акупацыйным рэжымам і «выбачэнні».

Аднак гэта яшчэ не ўсё. Паколькі сілавікі сцвярджаюць, і сам Сяргей у відэа «прызнаецца», што ён быў адміністратарам пратэстных чатаў, служкі заяўляюць, што змаглі выгрузіць спіс усіх удзельнікаў і паведамленняў гэтых чатаў перад тым, як іх знішчыць. Мы не можам пацвердзіць або зняпраўдзіць гэтую інфармацыю, таму настойліва просім усіх, хто дагэтуль быў зарэгістраваны ў нейкіх гарадзенскіх дваровых чатах, прыкладам, у згаданым «Гродно Центр 97%» пад сваім уласным імем ці нумарам тэлефону і знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, прадумаць варыянт захавання ўласнай бяспекі. А астатніх заклікаем выконваць меры IT-бяспекі.