
У судзе Ленінскага раёна Мінска 11 студзеня працягнуўся суд «па справе Вясны», фігурантамі якой выступаюць старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, (https://prisoners.spring96.org/be/person/ales-bjaljackiy) яго намеснік Валянцін Стэфановіч (https://prisoners.spring96.org/be/person/valjancin-stefanovicz) і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч (https://prisoners.spring96.org/be/person/uladzimir-labkovicz). Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай паўтары гады.
Гэта чацвёртае судовае пасяджэнне. Сёння суд працягнуў знаёміцца з паказаннямі сведкаў. Але ні адзін з іх сёння не быў дапытаны асабіста па розных прычынах — у асноўным, таму што знаходзяцца за мяжой. На судзе зачыталі іх паказанні, дадзеныя падчас следства. Сярод іх, напрыклад, паказанні магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля.
Акрамя гэтага, суддзя знаёмілася з пратаколамі допыту двух сведак са змененымі прозвішчамі. Адна з іх — Карповіч. Валянцін Стэфановіч на першым пасяджэнні настойваў, што гэта прапагандыстка Алена Красоўская, якая піша артыкулы пра суд над вясноўцамі для «СБ», і прасіў выдаліць яе з залі суда. Суддзя не задаволіла хайдайніцтва праваабаронцы, бо нібыта гэта толькі яго здагадкі. Але сёння Запаснік нават не зачытвала гэтыя паказанні ўслых «у мэтах бяспекі» гэтых засакрэчаных сведак.
Трох праваабаронцаў на судзе працягваюць утрымліваць на судзе ў клетцы ў кайданках, негледзячы на іх хадайніцтвы на папярэдніх пасяджэннях зняць іх. Уладзь Лабковіч, якому ўчора выклікалі (https://spring96.org/be/news/110387) «хуткую» на суд, працягвае хварэць. Захварэў таксама і Алесь Бяляцкі.
💌Падтрымайце палітзняволеных вясноўцаў: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу