
У Лідзе прайшла планёрка ў райвыканкаме. Сярод розных сацыяльных і эканамічных пытанняў абмяркоўвалася і 700-годдзе гораду, якое прыпадае якраз на 2023 год.
Старшыня Лідскага райвыканкаму Сяргей Ложачнік падкрэсліў, што 2023 год якраз пройдзе пад знакам падрыхтоўкі да 700-годдзя Ліды. Комплекс мерапрыемстваў нібыта будзе ахопліваць ўсе сферы жыццядзейнасці раёну, у тым ліку і будаўнічую. Пра аб’еты будаўніцтва Ложачнік якраз і расказаў: у гонар юбілею плануецца здаць у эксплуатацыю два аб’екты адукацыі: Першамайскую сярэднюю школу і дзіцячы садок у мікрараёне Поўнач. Садок на 190 месцаў ужо заканчваюць будаваць.
Што ж збіраюцца рабіць і праводзіць у галіне культуры мясцовыя ўлады у 2023 годзе – пакуль застаецца таямніцай. Пра гэта па выніках нарады нічога не было сказана.