
Пятае судовае пасяджэнне: допыт мытнікаў і лічбы са столі
На судзе па “справе Вясны” працягваюць дапытваць сведак і зачытваць іх паказанні. На першым пасяджэнні Алесь Бяляцкі заявіў, што па справе ўсяго праходзяць каля 100 сведак і было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.
12 студзеня суддзя Запаснік усё ж такі агучыла паказанні засакрэчаных сведак, адной з якіх з’яўляецца — Карповіч. Валянцін Стэфановіч на першым пасяджэнні настойваў, што гэта прапагандыстка “СБ” Алена Красоўская, і прасіў выдаліць яе з залі суда. Суддзя не задаволіла хайдайніцтва праваабаронцы, бо нібыта гэта толькі яго здагадкі. У “мэтах бяспекі” прозвішчы двух сведак у матэрыялах справы былі змененыя.
Таксама 12 студзеня дапыталі супрацоўнікаў мытнай службы. Спецыяліст Мытнага камітэту на судзе заявіў, што нібыта з 2011 па 2021 год у інтарэсах ПЦ “Вясна” у Беларусь было ўвезена два мільёны даляраў. Крымінальная адказнасць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкларавання была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты перыяд. З паказанняў мытнікаў стала зразумела, што гэтыя сумы ім былі прадыктаваныя іншымі структурамі. Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачванне будзе падцвярджаць іх.
Шостае судовае пасяджэнне прызначана на 13 студзеня на 10:30.