
Пра гэта распавёў былы палітвязень Віталь Жук, які нядаўна вызваліўся з бабруйскай калоніі № 2, пішуць праваабаронцы.
Такую асаблівасць праваабаронцы заўважылі ў снежні ў прапагандысцкім сюжэце на дзяржаўным ТБ з івацэвіцкай калоніі № 22 «Воўчыя норы». З жоўтым трохкутнікам на рукаве паказалі палітвязня Сяргея Вайцюка, асуджанага за жаданне ваяваць на баку Украіны (на фота).
«Як толькі ты заязджаеш у рэжымныя ўстановы, то з табой праводзяцца гутаркі з удзелам начальніка ці яго намесніка, “апероў”. Потым цябе размяркоўваюць у атрад, а пасля запісваюць у секцыю. Напрыклад, у секцыю аховы працы ці ў секцыю ўнутранага парадку. Табе выдаюць трохкутнік з пазначэннем адпаведнай секцыі. Калі ты робішся злосным парушальнікам, то з цябе паказальна зрываюць гэты трохкутнік, каб усе бачылі, што ты не варты знаходзіцца ў гэтай секцыі. І па калоніі ты ходзіш без гэтага трохкутніка — усе разумеюць, што ты з’яўляешся “злоснікам”. Такая гульня на публіку і запалохванне іншых зняволеных.
З нядаўняга часу гэтыя нарукаўныя трохкутнікі зрабілі жоўтага колеру, як і біркі, якія ты носіш на грудзях. І палітычныя жартуюць, што калі нашыць адзін трохкутнік на іншы, то атрымаецца зорка Давіда. Нічога не нагадвае? Той, хто любяць так шмат успамінаць пра шматпакутны беларускі народ, нястомна кажа пра Хатынь, нагадвае нам пра зверствы фашыстаў — сам зладзіў і разгарнуў на нашай зямлі сетку падобных лагераў».