
Днём 11 студзеня каля пад’езда дома на вуліцы Яршова ў Слоніме работнікі міліцыі затрымалі слонімца Паўла Севасцьяна. Затрымалі за захоўванне “экстрэмісцкіх матэрыялаў” у Facebook
«Недзе ў гадзін 14-ць я ішоў дамоў, калі ля пад’еда дома пачуў вокліч: “Стой!”. Калі азірнуўся, то ўбачыў, што трое ў балаклавах бягуць у мой бок. На мае рукі зашчапілі кайданкі, пасадзілі ў машыну і павезлі ў райаддзел міліцыі.
Потым участковы склаў пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, і мяне змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
У ізалятары на ноч не выдалі матрац, сказалі, што тым, хто сядзіць па такім артыкуле, як у мяне, матрацы не выдаюць. Раніцай пачаўся суд, там жа ў ізалятары, праз скайп. Я заявіў хадайніцтва пра пошук адваката, якое суддзя задаволіў, і мяне выпусцілі да наступнага судовага паседжання», — расказаў gs.by (https://www.gs.by/2023/01/13/slonimtsa-zatrymali-za-zahouvanne-ekstremistskih-materyyalau-u-fejsbuku/) мужчына.
Наступнае судовае паседжанне па справе слонімца прызначана на 20 студзеня. Пачатак у 10.30 у судзе Слонімскага раёна.
Прыгадаем, што зусім нядаўна па аналагічных справах у Слоніме судзілі Віктара Марчыка і Сяргея Чыгрына.