
Сваякі палітвязняў, засуджаных па «справе Аўтуховіча», паведамляюць пра тое, што іх родных збіваюць у гарадзенскай вязніцы, пастаянна змяшчаюць у карцар, зневажаюць і катуюць.
Жонка і дачка палітвязня з інваліднасцю Уладзіміра Гундара расказалі пра тое, што яго, падчас аднаго з паседжанняў па разглядзе апеляцыі, раптам гвалтоўна вывелі з залі, дзе праходзіць працэс, і пацягнулі ў невядомым кірунку. Пры гэтым Уладзімір паспеў пракрычаць, што яго збіваюць, пасля чаго супрацоўнікі турмы на ўсю моц уключылі музыку ў калідоры, каб яго крыкаў не было чуваць. Дагэтуль невядома, дзе ён перабывае і ў якім стане знаходзіцца, бо з таго часу на паседжанні яго болей не прыводзілі.
У дзяжурнай частцы турмы сваякам заяўляюць, што з Гундарам усё добра і ён сядзіць у звычайнай камеры, нават прынялі перадачу для яго. Аднак сваякі не давяраюць гэтым словам, бо не разумеюць, чаму яго ў такім выпадку не прыводзяць у залю, дзе адбываецца працэс. І прыняцце перадачы не сведчыць пра тое, што Уладзімір перабывае ў звычайнай камеры, а не ў карцары. Праваабаронцам вядомыя сітуацыі, калі ў гарадзенскай турме прымалі перадачы для палітвязняў, якія знаходзіліся ў гэты час у карцары. І нават пасля выхаду адтуль яны не атрымлівалі таго, што ім перадавалі сваякі. Раней СМІ паведамлялі пра шматлікія падобныя выпадкі ў іншых закрытых установых краіны (СІЗА №1 на Валадарскага ў Менску, Следчая турма №8 у Жодзіна). Верагодна цяпер гэтая злачынная практыка крадзяжу распаўсюдзілася на ўсе установы так званай пенітэнцыарнай сістэмы РБ.
Сваякі іншых фігурантаў «справы Аўтуховіча» таксама скардзяцца на здзекі і катаванні іх родных. Яны паведамляюць, што палітвязняў гвалтоўна распранаюць у памяшканні без ацяплення, дзе вельмі халадно, праз што яны хварэюць па некалькі разоў. Палітзняволеных пастаянна абшукваюць, падкідаюць розныя забароненыя прадметы ў камеры, напрыклад, паперы з надпісамі, вырваныя з аднаразовых станкоў для галення ляза ды інш., каб мець падставу для накіравання «парушальнікаў» у карцар, з якога яны практычна не выходзяць, змяняючы адно аднаго. Гэта пацвярджаецца таксама паведамленнем жонкі Дзяніса Івашына пра чарговае змяшчэнне яго ў карцар 6 студзеня, падчас знаходжання ў якім ён моцна захварэў. Турэмны фэльчар нават змушаны быў перавесці яго ў іншую камеру ў карантын. Непалітычныя зняволеныя пры гэтым у карцар практычна не трапляюць.
Іншыя палітвязні гарадзенскай турмы таксама перадаюць паведамленні пра ціск з боку супрацоўнікаў турмы, які здзяйсняецца паводле загаду «следчых». Некаторыя вязні паведамляюць пра здзекі і псаванне або знішчэнне асабістых рэчаў зняволеных, што чыняць нешматлікія асобныя супрацоўнікі турмы з відавочнымі садысцкімі схільнасцямі.