
У дзяржаўнай прапагандзе рэжыму, які зараз пануе ў Беларусі, ўсё больш увагі надаецца супрацы ўладнай вертыкалі з прадстаўнікамі РПЦ. Гэтыя прадстаўнікі расейскай праваслаўнай царквы запрашаюцца на шматлікія ўладныя мерапрыемствы, дзе ўсхваляецца “асаблівы шлях развіцця” Беларусі, прапагандуецца “русский мир”, савецкія каштоўнасці і традыцыі адначасна. Бацюшкі РПЦ асвячаюць розныя ваенкаматы, пагранзаставы, школы, іншыя дзяржаўныя ўстновы, выступаюць там і атрымліваюць разнастайныя падарункі ад уладных структураў.
Асабліва шмат увагі такой цеснай супрацы надаюць мясцовыя медыі. Вось характэрны прыклад з “Свіслацкай газеты”. На прыём да старшыні Свіслацкага райвыканкаму Аляксандра Вярсоцкага прыйшоў святар царквы ў Гарнастаевічах.
«Чем могу быть полезен, батюшка?» – глава района встретил отца Николая прямым вопросом” – так пачынае свой рэпартаж “Свіслацкая газета”. Здавалася б, звычайная справа. Кожны святар як грамадзянін мае права прыйсці на прыём да чыноўніка. Але ж не, з такога звычайнага візіту трэба зрабіць значную ідэалагічную падзею асаблівай важнасці. Напэўна да чыноўнікаў прыходзяць на прыём і святары іншых канфесій, але ж дзяржаўныя медыі робяць прапаганду менавіта РПЦ, якая выступае за “русский мир” і адпаведныя яму каштоўнасці.