Археолаг, краязнавец, гісторык, філосаф, вайсковец, вынаходнік, заснавальнік Слонімскага раённага краязнаўчага музея Язэп Стаброўскі нарадзіўся 2 кастрычніка 1870 году ў Слоніме.

У сямейным альбоме, які захоўваецца ў дачкі Іосіфа Стаброўскага – Дзіляры Стаброўскай, ёсць цікавы і каштоўны здымак яго дзеда. Пад фатаграфіяй у альбоме напісана: “Вікенці сын Мацея Стаброўскі, рэгент земскі, гаспадар маёнтка “Кулікі”. Памёр у 1868 годзе. Пахаваны ў пабудаванай за яго сродкі ўніяцкай царкве ў Мілавідах.

Бацька Язэпа Стаброўскага – Іосіф удзельнічаў у венгерскай, турэцкай і севастопальскай войнах. Пахаваны ў вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне. Маці Язэпа Стаброўскага – Людвіка была родам з князёў Масальскіх. Памерла ў 1902 годзе, пахавана побач з мужам у Орлавічах. Бацька Людвікі Стаброўскай – Адольф Масальскі актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года. За гэта Мураўёў-вешальнік саслаў яго ў Нерчынскія руднікі. І родны брат маці – Карл Масальскі таксама ўдзельнічаў у гэтым паўстанні. Ён быў камандзірам аднаго з атрадаў Кастуся Каліноўскага. Яго схапілі, пасадзілі ў клетку і вазілі па вуліцах Слоніма, а пасля расстралялі…

У 1888 годзе Язэп Стаброўскі стаў курсантам Аляксандраўскай ваеннай вучэльні. А потым меў магчымасць яшчэ скончыць Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.

Палкоўнік Стаброўскі

Першую сусветную вайну Язэп Стаброўскі закончыў у чыне палкоўніка. Але з цягам часу навуковыя інтарэсы ўзялі верх над прафесіянальна-ваеннымі. І ў 1921 годзе ён вяртаецца на родную Слонімшчыну, усе свае сілы і веды аддае даследаванню роднага краю. Стаброўскі збірае ўсё, што, на яго погляд, уяўляла гістарычную каштоўнасць. У калекцыі Язэпа Стаброўскага былі такія экспанаты, якія маглі б упрыгожыць стэнды і залы найлепшых музеяў Еўропы: багатая калекцыя крамянёвых і каменных вырабаў часоў мезаліту і неаліту, галава старажытна-славянскага ідала, аўтографы Карамзіна, Дзяржавіна, Льва Талстога, два лісты Пушкіна да яго жонкі Наталлі Ганчаровай, гістарычныя рукапісы XVI-XII стагоддзяў і многія-многія іншыя рэчы.

Восенню 1924 года Язэп Стаброўскі арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Выстава выклікала вялікую цікавасць у наведнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцця ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад наведнікамі 20 верасня 1929 года. У адкрыцці музея прымаў удзел тагачасны прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі.

Стаброўскі з жонкай і дачкой

Язэп Стаброўскі быў не толькі выдатным археолагам і краязнаўцам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам. Ім даследавана больш за 150 курганоў на Гарадзеншчыне, напісаны і надрукаваны дзесяткі артыкулаў па краязнаўстве і гісторыі. Ён захаваў успаміны з Першай сусветнай вайны і альбом з 300 фотаздымкамі. У свой час знайшлі прымяненне яго шрампель удасканаленага ўзору (зацверджаны ў 1907 годзе Галоўным расейскім артылерыйскім упраўленнем) і тэлефон-прыёмнік удасканаленай канструкцыі (польскі патэнт № 18728).

Язэп Стаброўскі ў старасці

Пражыў стваральнік музея амаль сто гадоў. Памёр Язэп Стаброўскі 15 студзеня 1968 году. Пахаваны ў Орлавічах. Слонімскі раённы краязнаўчы музей носіць імя Язэпа Стаброўскага. У 2002 годзе на будынку музея была ўстаноўлена яму мемарыяльная дошка (скульптар Леанід Богдан).

Крыж на магіле