Тыя, хто называюць сябе пераможцамі, дагэтуль не могуць прабачыць актыўным сумленным беларусам, якія іх моцна пакрыўдзілі сваім памкненнем да свабоды і першанства закона ў краіне. Схопленых і ўжо «засуджаных» да вялікіх тэрмінаў удзельнікаў масавых пратэстаў 2020 года не пакідаюць у спакоі нават пасля «прысудаў».

Андрэй Навіцкі з Менску быў арыштаваны 1 чэрвеня 2021 года за «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК РБ), «абразу прэзідэнта» (ч.1 арт. 368 КК РБ), а таксама за «незаконныя дзеянні з вогнестрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі», а дакладней за нібыта набыццё, захоўванне і перавозку сыпкіх выбуховых рэчываў (ч.1 арт. 295 КК РБ) і «засудзілі» да 5 гадоў зняволення пры ўзмоцненым рэжыме.

Аднак гэтага сілавікам падалося мала, і ўжо праз год 13 чэрвеня 2022 года ў будынку суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска Навіцкага звінавацілі ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі» на той момант Бабруйскай калоніі №2 (ч. 2 арт. 411 КК РБ), накінулі яшчэ чатыры месяцы зняволення і замянілі рэжым на строгі. У ліпені 2022 Андрэя перавялі ў ваўкавыскую калонію №11, дзе яго адразу кінулі ў ШІЗА на 10 содняў.

Цяпер нязломнага палітвязня зноў збіраюцца «судзіць» за ўсё тое ж «злоснае непадпарадкаванне». Слуханне пройдзе 17 студзеня а 10 гадзіне ў будынку суда Ваўкавыскага раёна. Чарговы карны прысуд палітвязню аформіць Мікалай Сяргейка.

Максімальны тэрмін, прадугледжаны санкцыяй артыкула 411 КК, складае 1 год.

Падтрымаць палітвязня можна лістамі і паштоўкамі на адрас: 231900 г. Ваўкавыск вул. Ракасоўскага 118, ПК №11. Андрэй Уладзіміравіч Навіцкі