фота мае ілюстрацыйны характар

За апошні месяц праваабаронцам паступала інфармацыя ад шматлікіх сваякоў палітвязняў з роных турмаў і калоніяў Беларусі пра праблемы з перадачай і атрыманнем зняволенымі неабходных лекаў і вітамінаў. Сярод гэтых сваякоў былі таксама і родныя вязняў, якія знаходзяцца ў ПУ «Турма №1» г.Гародні.

Першыя трывожныя званочкі гучалі яшчэ напрыканцы снежня мінулага году, калі для некаторых зняволеных без якіх-небудзь тлумачэнняў перасталі прымаць перадачы і бандэролі з лекамі ці вітамінамі. Далей сітуацыя толькі пагаршалася. У нейкі момант гарадзенскія палітвязні паведамілі пра тое, што ў іх пазабіралі ўсе тыя лекі і вітаміны, якія яны мелі на руках. Канешне ж ім таксама нічога пры гэтым не патлумачылі. Сістэма працягвае лічыць людзей бязгучным статкам цяглавай жывёлы, якая не вартая аніякай увагі ці тлумачэнняў.

Шмат хто з вязняў, у тым ліку і непалітычных, мае хранічныя хваробы, або страціў здароўе ўжо за кратамі і патрабуе штодзённага ўжывання адпаведных лекаў. Але цяпер яны вымушаныя выклікаць доктара, каб ён ім выдаў неабходныя медыкаменты. Напрыклад жонка палітвязня Дзяніса Івашына Вольга напісала 16 студзеня, што падчас яго хваробы фельчар наведаў журналіста ў камеры і прынес яму лекі. А раней яна ж паведамляла пра тое, што ў сваякоў не прынялі перадачу для Івашына з аднаразовымі медыцынскімі маскамі, што і магло стаць прычынай захворвання палітвязня, як лічыць Вольга.

Досыць добра вядома, як складана выклікаць за кратамі медыка. Толькі калі праблема са здароўем становіцца амаль крытычнай, супрацоўнікі турмы пачынаюць варушыцца і надаваць дапамогу зняволенаму. З гэтай прычыны можна ўзгадаць пра смерць гарадзенскага мастака Руслана Карчаўлі, якому своечасова не дыягнаставалі пнеўманію, ад чаго ён і памёр у турме 5 студзеня.

Паміж сваякамі ходзяць упартыя чуткі, наўмысна ці міжволі распаўсюджаныя супрацоўнікамі так званай пенітэнцыярнай сістэмы РБ, пра тое, што гэтыя абмежаванні і забароны звязаныя з выпадкам у адной з калоніяў, калі вязень наглытаўся таблетак, якія меў пры сабе. Праверыць нейкім чынам, ці адпавядаюць гэтыя чуткі рэчаіснасці, немагчыма, бо падобная інфармацыя з-за сценаў закрытых установаў афіцыйна не выходзіць.

Са свайго боку мы просім паведамляць праваабаронцам пра ўсе вядомыя вам выпадкі абмежаванняў ці парушэнняў правоў беларускіх вязняў.