
Па «справе Вясны» падчас следства было дапытана каля 100 сведак, але на сам суд выклікалі толькі некалькі чалавек: галоўных рэдактараў «Народнай Волі» і «Свабодныя навіны плюс», супрацоўнікаў мытнай службы, некалькі праваабаронцаў з рэгіёнаў. Таксама зачыталі паказанні, дадзеныя падчас следства, яшчэ некалькіх праваабаронцаў і галоўнай рэдактаркі «Новага Часу», а таксама двух засакрэчаных сведак са змененымі прозвішчамі.
Астатнія сведкі ў суд не з’явіліся. На працэсе заявілі (https://spring96.org/be/news/110421), што яны даслалі заявы аб разглядзе без іх прысутнасці. У асноўным, яны спасылаліся на адсутнасць сродкаў, каб прыехаць, на наяўнасць непаўналетніх дзяцей, на стан здароўя. Але адвакаты праваабаронцаў выступілі супраць зачытвання паказанняў, бо заяўленыя прычыны не з’яўляюцца выключаючымі магчымасць іх прысутнасці. Абаронцы вясноўцаў заўважылі, што заявы напісаныя як пад капірку, і дзіўна, што ва ўсіх няма грошай, хоць усе яны ў Беларусі. Дакументаў, якія пацвярджаюць дрэннае самаадчуванне, сведкі не прадаставілі. Адвакатка заўважыла, што гэта пазбаўляе абвінавачаных права на абарону, бо ў іх няма магчымасці задаць дадатковыя пытанні. Яшчэ адна адвакатка заўважыла, што сведак на суд можна даставіць і прымусова. Але, негледзячы на пярэчанні адвакатаў, суд прызнаў паважлівымі прычыны няяўку сведак і вырашыў зачытаць іх паказанні, дадзеныя падчас следства.
Пазней высвятлілася, што такія капіркі сапраўды былі. Праваабаронцам перадалі бланк заявы адказу на неяўку, якія суд рассылаў сведкам. Згодна падрыхтаванай заяве, сведка прасіў слухаць крымінальную справу без яго, бо ён «адтрымлівае паказанні, якія даваў падчас следства». Гэта сведчыць пра тое, што суд першапачаткова не быў зацікаўлены ў допыце сведак па «справе Вясны». Гэта зроблена для таго, каб праваабаронцы і іх абаронцы не маглі задаць удакладняючыя пытанні, ці каб не выявіліся супярэчнасці ў паказаннях.