
Падчас тэлефанавання да начальніка гарадзенскай турмы Паўла Казакова маці гарадзенскага журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына Людміла даведалася, што яго яшчэ ўчора накіравалі ў папраўчую калонію №15 Магілёва.
Людміла Івашына-Добіна хацела ўдакладніць стан здароўя сына, які яшчэ не да канца паправіўся пасля віруснага захворвання, найверагодней COVID-19. Нагадаем, што жонка палітзняволенага Вольга Івашына раней паведамляла ў сацсетках і Telegram-канале, што Івашына змясцілі ў карцэр 6 студзеня, а ўжо 8 студзеня ён апынуўся ў карантыне з высокай тэмпературай, сухім кашлем і праблемамі з дыханнем. Нават у панядзелак 16 студзеня Дзяніс усё яшчэ хварэў і адчуваў слабасць. Аднак гэта не спыніла адміністрацыю гарадзенскай турмы ад этапавання вязня. Казакоў спаслаўся на медыкаў, якія пасля абавязковага агляду дазволілі перавод Івашына.
Раней пасля пераводу ў калонію зняволены звычайна апынаўся ў карантынным атрадзе, а ўжо праз 10-14 дзён трапляў у вызначаны адміністрацыяй атрад. Але сваякі Дзяніса Івашына баяцца, што яго, яшчэ невылечанага, могуць адразу кінуць у ШІЗА, як ужо здаралася з некаторымі іншымі палітвязнямі.
Папярэдне новы адрас для ліставання з журналістам: 212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, д. 183, ПК №15 Івашыну Дзянісу Яўгенавічу