Начальнік Цэнтральнай Выбарчай Камісіі РБ Игорь Карпенко наведаў 18 студзеня прадпрыемства “Гродна-Азот”. Адбылося гэта ў рамках так званага “единого дня информирования”. Суправаджалі “высокага госця” старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Ігар Булаўка, а таксама дырэктар ААА “Гродна-Азот” Ігар Ляшэнка.

Дзіўна, што чыноўнік, які адказвае за выбары і рэферэндумы, на сустрэчы “остановился на международном научно-техническом сотрудничестве”. Па словах Карпенко, “Беларусь поэтапно становится крупнейшим региональным центром науки и инноваций, наша страна активно развивает научное и научно-техническое сотрудничество с ведущими международными организациями и центрами в рамках совместных программ и проектов”. Гаварыў Карпенко пераважна пра навуку.

Напомнім, што ў канцы 2016 году старшыню праўладнай і прарасейскай Камуністычнай партыі Беларусі Карпенку Лукашэнка прызначыў міністрам адукацыі. Прабыў ён на гэтай пасадзе роўна пяць гадоў, а 13 снежня 2021 году Лукашэнка прызначыў яго старшынём ЦВК. Але, як зразумела з візіту на “Гродна-Азот”, ён па-ранейшаму займаецца і адукацыяй з навукай.

У сакавіку 2022 году Карпенко быў уключаны ў санкцыйны спіс Канады. Раней ён у 2011-16 гадах быў у “чорным спісе” Еўразвязу як старшыня Менскай гарадской выбарчай камісіі. З чэрвеня 2022 году Игорь Карпенко знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі Еўразвязу ўжо як начальнік ЦВК РБ за арганізацыю і фальсіфікацыю неканстытуцыйнага рэферэндуму 27 лютага 2022 году.