фота з сайту s13.ru

На аўкцыён, які адбудзецца 3 лютага, выстаўлены будынак 2011 году агульнай плошчай 1053,7 квадратных метраў.

Плошча зямельнага надзелу, на якім размяшчаецца будынак, складае амаль 12 сотак. Трохпавярховы будынак адміністрацыйнага прызначэння ў выдатным стане. Наколькі вядома, у яго пабудову былі ўкладзены вялікія грошы з розных фондаў Польшчы.

Будынак размешчаны ў гістарычным цэнтры гораду па вуліцы Гараднічанскай.

Пачатковая цана таргоў – 2 мільёны 129 тысяч 644.77 рублёў. Пакуль не зарэгістраваны аніводны ўдзельнік на гэты аўкцыён. Паводле ўмоваў, будынак можа быць праданы і аднаму ўдзельніку, які падасць заяву на ўдзел у таргах, пры яго згодзе, па пачатковай цане, павялічанай на 5%.

“Польска Мацеж Школьна” была адной з старэйшых польскіх грамадскіх арганізацый у Беларусі, якая працавала з 1995 году. З 2011 году ў яе быў свой будынак, які па-сутнасці “экспрапрыявалі”, а прасцей кажучы – забралі. Пры “Мацежы” шмат гадоў дзеіў грамадскі ліцэй па вывучэнні польскай мовы, гісторыі і культуры Польшчы, які лічыўся буйнейшай у цэлым свеце за мяжой польскай грамадскай школай па колькасці навучэнцаў. У 2013 годзе школе было наданае імя пісьменніцы Элізы Ажэшкі.

Рэпрэсіі супраць адукацыйнай установы пачаліся яшчэ ў 2021 годзе, калі ўлады аштрафавалі школу за «незаконную адукацыйную дзейнасць» ажно на 300 тысяч беларускіх рублёў, а падатковая інспекцыя ў дадатак налічыла «недаплату падаткаў» яшчэ 500 тысяч зверху.

Пасля гэтага арганізацыя была змушаная юрыдычна зарэгістравацца. Але і такі крок яе не ўратаваў. Мінюст РБ усё ж ініцыяваў працэдуру ліквідацыі, якая адбылася ў верасні 2022 году ў Вярхоўным Судзе РБ.

.