
На судовых пасяджэннях па справе “Вясны” працягваюць зачытваць матэрыялы справы — іх 283 тамы па 300 старонак. На судзе ўжо агучылі 60 тамоў справы. За першыя пасяджэнні агучылі 18 тамоў, на восьмым пасяджэнні, 17-га студзеня, агучылі 27 тамоў, а 18-га і 19-га студзеня даследвалі 15 тамоў крымінальнай справы.
Падчас дзясятага пасяджэння агучвалі інфармацыю з электронных носьбітах, вынятых ва Уладзя Лабковіча падчас ператрусаў, а таксама яго перапіскі ў мэсэнджэрах. Акрамя гэтага, 19 студзеня агучылі яшчэ адзін пратакол допыту праваабаронцы “Вясны” Алены Лапцёнак, якую таксама затрымлівалі 14 ліпеня 2021 года з іншымі вясноўцамі. Пытанні тычыліся сумеснага праваабарончага праекту з газетай “Народная воля”. Адзін пратакол допыту Алены ўжо агучылі на другім судовым пасяджэнні па “справе Вясны”.