фота раённай газеты “Зара над Нёманам”

У Правых Мастах паскоранымі тэмпамі будуецца новы мост. Мяркуецца, што першыя аўтамабілі па ім пойдуць ужо сёлета. Пра гэта расказала раённая газета “Зара над Нёманам”.

Старому мосту ў Правых Мастах хутка будзе 100 гадоў. Ён быў пабудаваны ў 1927 годзе на сродкі братоў Канапацкіх, уладальнікаў фанернага заводу “Копак”. У Еўропе ёсць яшчэ два масты аналагічнай канструкцыі – у Польшчы ў Торуні і ва Украіне ў Кіеве.

У 1990-ых гадах мост у Правых Мастах рэканструявалі, аднак апоры і асноўныя канструкцыі засталіся нязменнымі. Плануецца, што пасля пабудовы новага аўтамабільнага мосту стары адрамантуюць і ён будзе прызначаны толькі для раварыстаў і пешаходаў.

У новага мосту будуць жалезабетонныя апоры-быкі і металёвыя пралётныя канструкцыі. Будзе ажно пяць апораў вышыні над роўнем ракі – 7,5 метры. Даўжыня моста складзе 271 метр, шырыня пралёту – 13 метраў.

Металёвыя канструкцыі пастаўляе расейскі Курганскі завод металёвых вырабаў (інфармуюць, што ён выйграў тэндар), буйнейшае такое прадпрыемства ў Расеі, якое паставіць для будаўніцтва звыш 500 тон металу. Бетон забяспечвае сваё прадпрыемства ў Краснасельскім.

Разлічана эксплуатацыя новага мосту будзе на сто гадоў.