Жонка Дзяніса Івашына Вольга ў сацсетках паведаміла пра тое, што журналіст за ўвесь час перабывання ў Турме №1 неаднаразова выказваў вусна і пісаў некалькі заяваў на сустрэчу са святаром, спасылаючыся на артыкул 31 Канстытуцыі Беларусі, які прадугледжвае, што «кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам».

Аднак ніводная з заяваў палітвязня не была задаволеная ані так званымі следчымі ворганамі падчас «следства», ані адміністрацыяй гарадзенскай турмы пасля перадачы «справы» супраць Івашына ў так званыя пракуратуру і суды.

«Следчы ворган» спасылаўся на «немэтазгоднасць» такога спаткання, а некаторыя звароты былі проста праігнараваныя.

Раней колішні палітвязень, гарадзенскі музыка Ігар Банцэр казаў пра тое, што яму таксама адмаўлялі ў спатканнях са святаром. Спачатку апраўдваліся адсутнасцю святароў, якія жадаюць хадзіць на сустрэчы з вязнямі, потым, калі ахвочага святара знайшлі самы сваякі Ігара, пачалі прыкрывацца санітарна-эпідэміялагічнымі мерамі бяспекі.

Пра цяжкасці і забароны ў ажыцяўленні права на спаўненне рэлігійных абрадаў і рытуалаў, а таксама на сустрэчы са святарамі і пастарамі паведамлялі раней Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Мікіта Емельянаў ды іншыя палітвязні.