Стала вядома, што ў Кастрычніцкім судзе Гародні яшчэ 22 снежня 2022 года засудзілі Паўла Свірбутовіча паводле ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзмітрый Кедаль прызначыў Паўлу па сукупнасці абвінавачванняў два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паўла звінавацілі ў тым, што ён у сацсетцы “Вконтакте” “размясціў публікацыі ў выглядзе непрымальных для выкарыстання з пункту гледжання сучаснай культуры выяваў з тэкставымі паведамленнямі”, якія суд расцаніў як зневажаючыя гонар і годнасць Лукашэнкі.

Там жа Павел пакінуў “абразлівую інфармацыю, злучаную з абвінавачваннямі ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў паводле ч. 3 арт. 357 КК Беларусі”, а таксама “звесткі, якія ўтрымліваюць абвінавачванні ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў, прадугледжаных арт. 127, ч. 3 арт. 357 КК, то бок, паклёпніцкія звесткі”.  

З матэрыялаў справы вынікае, што супрацоўнік міліцыі ў час маніторынгу сацсетак, знайшоў на старонцы Паўла ў “Вконтакте” каментары, публікацыі, выявы. З пратакола агляду інфармацыі вынікае, што “інтэрнэт-старонка правамі прыватнасці не абмежаваная”.