У Беларусі плануецца змяніць медыцынскія патрабаванні па стане здароўя тых, хто паступае на вайсковую службу. Змены закрануць як тых, хто служыць паводле кантракту, так і прызыўнікоў з рэзервістамі, паведамляе прэс-служба Мінабароны.

У вайсковым ведамстве абгрунтоўваюць гэтую “карэкціроўку” вялікай колькасцю (!?) скаргаў “грамадзян, якія лічаць, што патрабаванні да стану здароўя значна завышаныя і не дазваляюць маладым людзям рэалізоўваць мару стаць вайскоўцам”. Цікава, ці ёсць насамрэч на гэты прадмет хоць адна скарга?

Падпалкоўнік медыцынскай службы Святлана Кашура кажа, што цяпер паступіць на кантрактную службу замінае “банальная плоскаступнёвасць”, “невялікая страта зроку” ці “невялікая лішняя вага”. Пры гэтым, дадае яна, маладыя людзі атрымліваюць правы кіроўцы і вядуць здаровы лад жыцця. Таксама, па яе словах, ёсць шэраг захворванняў, якія лічыліся несумяшчальнымі са службай у войску ў 1990-х гадах, але цяпер з’явілася новая тэхніка, якая дазваляе служыць нават з такімі захворваннямі. Як прыклад яна назвала вайсковую спецыяльнасць “аператар дрона”.

У 2020-м у Беларусі ўжо абнаўлялі патрабаванні да здароўя прызыўнікоў. Але цяпер відавочна дзяржаве патрэбна болей салдатаў.