Сёння ўначы ў Смаргоні па вуліцы Чырвонаармейскай згарэў прыватны жылы дом, падчас пажару загінулі людзі, паведамляе МНС Гародні.

«Драўляны будынак гарэў знутры, полымя выбівалася на дах, — расказалі ў МНС. — Да нашага прыбыцця мясцовы жыхар увайшоў у дом і вынес на вуліцу жанчыну ў непрытомным стане. Брыгада хуткай дапамогі шпіталізавала выратаваную ў цэнтральны раённы шпіталь. Стан цяжкі».

Пры правядзенні разведкі ў адным з пакояў ратавальнікі выявілі чатыры нежывыя целы: 37-гадовай жанчыны, 36-гадовага гаспадара дома і двух мужчын 38 і 37 гадоў.
Агнём былі пашкоджаныя рэчы ў пакоі, перакрыцці, дах і сцены. Вызначэннем прычыны і абставін здарэння займаюцца супрацоўнікі Следчага камітэта. Найверагодней, да трагедыі прывяло неасцярожнае курэнне.