У Дзятлаўскім раёне плануюцца антыалкагольныя рэйды. Раённая газета “Перамога” інфармуе пра тое, што ў мясцовым выканкаме адбылася штотыднёая нарада ў старшыні райвыканкаму Андрэя Садоўскага. У цэнтры ўвагі была фінансавая і працоўная дысцыпліна:

“Андрэй Садоўскі назваў недапушчальнай нявыплату ва ўстаноўлены тэрмін плацяжоў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і падаткаў. Такая фінансавая пазіцыя прыводзіць да судовых разбіральніцтваў. Асабліва вызначыліся гаспадаркі “Граніт-Агра” і “Жукоўшчына”. Начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталію Шулейку пастаўлена задача разабрацца і кантраляваць фінансавую дысцыпліну ў сельгаспрадпрыемствах раёна.

Таксама гаварылі на нарадзе пра працоўную дысцыпліну. У прыватнасці пра адсутнасць замацаваных спецыялістаў на прадпрыемствах і ў гаспадарках, якія павінны правяраць работнікаў на алкагольнае ап’яненне перад пачаткам працоўнага дня або змены і рэйдава ў час яго/яе. Найбольш часта ў поле зроку раённых праваахоўнікаў трапляюць п’янымі на працоўным месцы вартавыя і работнікі фермаў, і не толькі ў начны час.

Прынята рашэнне распрацаваць графікі праверак і арганізаваць сумесныя рэйды адказных асобаў на прадпрыемствах за тэставы кантроль на алкагольнае ап’яненне з прадстаўнікамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама”.

Праблема п’янства актуальная для ўсёй Беларусі. Аднак улады нічога не гавораць пра яе асноўныя зыходныя прычыны. А гэта найперш сацыяльная бесперспектыўнасць, брак культурных установаў і пераемнасці лепшых вясковых традыцый, нізкая заробная плата і як следства дэпрэсіўны стан грамадства. Усё гэта прыводзіць да дэградацыі сельскага насельніцтва і яго алкагалізацыі. Таму рэйды выканкамаўцаў з міліцыянтамі па выяўленні п’яніц на працы нічога не дадуць.