
З’явілася інфармацыя, што Судом Воранаўскага раёну была разгледжана крымінальная справа ў дачыненні грамадзяніна Расейскай федэрацыі, які тройчы імкнуўся незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу. Пра гэта паведамляе сайт раённай газеты.
Характэрна, што “за негатыўныя выказванні і нязгоду з праводзімай палітыкай у Расейскай федэрацыі” мужчына спярша быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а пасля звольнены з працы. Пасля гэтага ў чэрвені мінулага году ён пакінуў тэрыторыю Расеі і скіраваўся ў Беларусь, каб перасекчы мяжу і трапіць у Літоўскую Рэспубліку. Цягніком ён прыехаў у Менск, адкуль на маршрутнай таксоўцы даехаў да Воранава. З дапамогай мабільнай мапы скіраваўся да вёскі Варнакелі і, пераплыўшы раку Шальчу, пайшоў у бок мяжы з Літвой. Аднак быў затрыманы памежнікамі Беларусі.
За спробу незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы расейца прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і забаранілі яму ўезд у Беларусь тэрмінам на 5 гадоў. 30 чэрвеня 2022 года яго прымусова дэпартавалі ў Расею.
Аднак ужо 1 ліпеня мужчына зноў вярнуўся ў Беларусь, дзе яго зноў затрымалі памежнікі. У дачыненні да яго пачалі крымінальную справу, але пасля працэсуальных дзеянняў адпусцілі. Але мужчына зноў скіраваўся ў памежную зону, дзе яго затрымалі трэці раз.
Паводле прыгавору суда Воранаўскага раёна 16 лістапада 2022 года грамадзяніна Расеі па сукупнасці парушэнняў, якія прадугледжаны артыкулам 371-2 Крымінальнага Кодэксу і ч.1 артыкулу 14, ч.2 артыкулу 371 КК да трох месяцаў арышту.