
Тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, 25 студзеня выставіў відэа затрымання Антося Янкоўскага.
Антось з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і колішнім уладальнікам ужо зачыненай крамы «Кубік». Ён шмат гадоў распрацоўвае і выдае беларускамоўныя настольныя гульні. У тым ліку Янкоўскі разам з аднадумцамі стварылі шырока вядомыя настолкі «Мова» і «Паўстанцы».
Прычынай затрымання, як сцвярджаюць аўтары відэароліка, нібы сталася рэгістрацыя ў чат-боце плана «Перамога», хоць на скрыншоце з тэлефона Янкоўскага самі сілавікі дэманструюць толькі пачатковае паведамленне пра націск кнопкі Start для далейшай рэгістрацыі. Таму Антось падкрэслівае ў відэа, што ніякіх дзеянняў, згодна са згаданым планам, ён не ажыццяўляў
Але для супрацоўнікаў ГУБАЗік і ОМОН, верагодна, такое абвінавачанне патрэбна, дзеля таго каб палохаць беларусаў тым, што ананімнасці ў чат-боце плана «Перамога» не існуе. Гэта, як спадзяюцца сілавікі, перашкодзіць патэнцыйным удзельнікам далучыцца да рэалізацыі плана.
Да ўсяго Антон Янкоўскі ніколі не займаўся палітычнай дзейнасцю, а заўсёды дзеіў толькі на карысць і развіццё беларускай культуры ў рамках заканадаўства.
Таксама ГУБАЗ намякае на распаўсюд Янкоўскім «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі, якой, судзячы з відэа, яны палічылі фота прадпрымальніка з сацсеткі «Вконтакте» ў кепцы з выявай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі гербам «Пагоня».
Праваабаронцы, аднак, мяркуюць, што хутчэй за ўсё нагодай для затрымання сталася менавіта фота, а факт спробы рэгістрацыі ў пплане імаверна ёсць фальсіфікацыяй ужо пасля атрымання доступу да тэлефона Янкоўскага.