
Беларускі грамадска-палітычны, культурны дзеяч Тамаш Грыб нарадзіўся 19 сакавіка 1895 года ў вёсцы Паляны Свянцянскага павету (сучасны Смаргонскі раён). Паходзіў з беднай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Пецярбургу на псіханеўралагічным факультэце, дзе пазнаёміўся з некалькімі беларускімі дзеячамі і ўлучыўся ў нацыянальны рух. У першую сусветную вайну ў 1914 годзе мабілізаваны ў расійскую армію і адпраўлены на Румынскі фронт. Быў дэлегатам ад вайсковай арганізацыі на Усебеларускім з’ездзе у Менску ў снежні 1917 года, дзе яго арыштавалі бальшавікі. Пасля абвяшчэння БНР стаў сябрам яе Рады і Выканаўчага камітэту. Ва ўрадзе Язэпа Варонкі – народны сакратар земляробства. Тамаша Грыба можна лічыць адным з айцоў БНР. Уваходзіў у Цэнтральную Беларускую вайсковую раду. Быў дэлегатам 3-га Усерасійскага з’езду саветаў у Петраградзе, на якім пратэставаў супраць разгону Усебеларускага з’езду і падзелу Беларусі. У студзені-сакавіку 1919 года выдаваў у Вільні газету “Грамадзянін” – орган Беларускай сацыялістычнай грамады. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Летам 1919 года Тамаш Грыб арыштаваны польскімі ўладамі як супрацоўнік гарадзенскай газеты “Родны край”, вясной 1920-га – як сябра Мінскага падпольнага камітэту. На час зняволення ў гарадзенскай турме прыпадае гісторыя рамантычных адносін Грыба з Паўлінай Мядзёлкай. Пазней Грыб быў інтэрнаваны ў лагер Домбэ пад Кракавам, адкуль уцёк. З канца 1920 года быў у Коўне, дзе ўдзельнічаў у выданні газеты “Сялянская доля”, друкаваўся пад псеўданімамі Т. Глеба, Антон Небарака. З восені 1922 года жыў у Празе. Там у 1928 годзе скончыў філасофскі факультэт Карлавага універсітэта. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Пытанне народу і нацыі”. Тамаш Грыб паслядоўна выступаў супроць вяртання ў БССР, дзе ўсе, хто вярнуўся, чамусьці хутка знікалі. “Пакіньце займацца дурніцай”, – адказаў ён, калі яго запрасілі прыняць удзел у 1926 годзе ў акадэмічнай канферэнцыі ў Менску, якую праводзіў Інбелкульт.
Грыб быў сябрам замежнага бюро БПС-Р, браў актыўны ўдзел у працы Беларускага культурнага таварыства імя Францішка Скарыны, Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. З 1930 года працаваў у Празе ў Славянскай бібліятэцы. У 1934-38 гадах працаваў загадчыкам Беларускага загранічнага архіву, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Супрацаваў з часопісамі “Перавясла”, “Іскры Скарыны”, “Студэнцкая думка”, “Золак” і іншымі. Аўтар артыкулаў па гісторыі Беларусі, такіх як “Да пытання аб паходжанні герба Пагоня”, “Віленскае пытанне”, уздымаў філасофскія пытанні ў такіх артыкулах як “Шляхам Скарыны”, “На два франты”, “Нацыя як прадмет навуковага вывучэння”, “На шляху да вызвалення”, “Рэлігійная справа Беларусі”. Маючы сацыялістычныя погляды, стаяў на пазіцыях крытыкі таталітарных падыходаў практыкі пабудовы сацыялізму.
Пры жыцці Тамаш Грыб паспеў апублікаваць урыўкі з свайго раману “Паўстанцы”, перакладаў на беларускую і чэшскую мовы брашуры грамадска-палітычнага кірунку. Пакінуў пасля сябе эпісталярную спадчыну. Памёр Тамаш Грыб, захварэўшы на грыпу, 25 студзеня 1938 года ў веку ўсяго 43 гадоў, пахаваны на знакамітых Альшанскіх могілках у Празе. Жыццю і дзейнасці Грыба быў цалком прысвечаны апошні 8-ы нумар часопіса “Золак”. У 2017 годзе ў Мінску выйшла кніга выбраных твораў Тамаша Грыба.