
Яшчэ толькі ўчора мінуў тыдзень экуменічных малітваў за еднасць хрысціян, які штогод праводзіць Каталіцкая Царква ў Беларусі (сёлета з 18 па 25 студзеня). Яшчэ толькі Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўзгадала памяць падляшскіх мучанікаў за веру і адзінства царквы з Рымам, забітых расейскімі імперскімі жаўнерамі ў вёсцы Пратулін (23 студзеня). А архіепіскап Наваградскі і Слонімскі Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату Гурый 24 студзеня ў сваім інтэрв’ю для епархіальнай інтэрнэт-старонкі расказаў пра «сапраўднае адзінства» праваслаўных беларусаў, украінцаў і расейцаў.
Інтэрв’ю было прысвечанае падзеям вакол Украінскай Праваслаўнай Царквы (фактычна таксама МП), у храмах якой СБУ праводзіла шэраг ператрусаў са скандальнымі знаходкамі ў святароў і біскупаў расейскіх пашпартоў, прапагандысцкай літаратуры і нават парнаграфічнай прадукцыі. І гэта не кажучы ўжо пра наўпроставую супрацу з акупантамі, пераўтварэнне храмаў у склады для захавання зброі і пункты дыслакацыі акупацыйных войскаў РФ. За што на некалькіх святароў УПЦ (МП) прэзідэнт Украіны Валадымір Зяленскі наклаў персанальныя санкцыі і 13 з іх нават пазбавіў грамадзянства.
Самыя адыёзныя апошнія навіны былі звязаныя з Кіева-Пячэрскай Лаўрай, дзе мясцовы мітрапаліт Паўло (Лебідзь) дазволіў намаляваць фрэску з сваёй выявай (разам з двума іншымі мітрапалітамі). Напрыканцы снежня уладальнік лаўры гісторыка-культурны запаведнік не працягнуў з УПЦ (МП) дамову арэнды Верхняга Храму (Успенскі Сабор) у і ўжо на Раство ў ім служыў патрыярх ПЦУ Эпіфаній. Дагэтуль адбываюцца розныя правакацыі падчас багаслужбаў ПЦУ з боку вернікаў УПЦ.
Грамадскае абурэнне дзейнасцю святароў і самой УПЦ (МП) дайшло да таго, што дэпутаты спрабуюць ініцыяваць забарону дзейнасці гэтай царквы в Украіне.
Усе дзеянні дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацыяў, а таксама справядлівы гнеў украінцаў і заклікі не наведаць храмы УПЦ Уладыка Гурый называе «бяздумным стаўленнем кіраўніцтва краіны да сваёй гісторыі» і «ажыцяўленнем даўніх планаў сусветнай закулісы» па падрыву асноваў Праваслаўя.
Канешне ж, паводле версіі Уладыкі Гурыя ва Ўкраіне ідзе татальная вайна з усім расейскім, у тым ліку і ў культурнай сферы, вось толькі прычынай гэтаму ён называе не агрэсію РФ і генацыд украінцаў на акупаваных тэрыторыях, а памкненні нейкіх «заходніх палітыкаў» знішчыць Праваслаўе, замяніўшы яго прапагандай ЛГБТ, легалізацыяй наркотыкаў і талерантнасцю, як яе сабе ўяўляе РПЦ.
Не дзівіць і пастаяннае сцверджанне залежнасці Уладаў Украіны ад так званага калектыўнага Захаду.
Не брыдзіцца Гурый і пераказваннем фэйкаў расейскай прапаганды, расказваючы зусім дзікія выдумкі кшталту надрукаванай атрамантам з крывёй «азоўцаў» Бібліі з рунамі на вокладцы.
Абвінавачвае Улады Украіны ў неапаганстве і сатанізме. Нагадвае пра часы СССР, калі зачыняліся і знішчаліся храмы і манастыры, арыштоўваліся святары, сарамліва прыхоўваючы пры гэтым, якая ўлада гэта чыніла.
Наракае Уладыка на падзеі ў Кіева-Пячэскай Лаўры, калі дзеля бяспекі на свята Раства падчас багаслужбы ПЦУ быў уведзены прапускны кантроль і праверка дакумантаў, а ў самім храме дзяжурылі вайскоўцы. Канешне, у такіх умовах злачынцам складана чыніць правакацыі, адсюль напэўна і абурэнне Гурыя.
Вернікаў і святароў ПЦУ Уладыка Гурый безумоўна лічыць раскольнікамі, за якіх усім праваслаўным трэба маліцца.
Вішанкай на прапагандысцкім торце і разыначкай усяго інтэрв’ю сталася выказанае інтрэрв’юерам «прароцтва» манахаў Святагорскай Лаўры пра «ўз’яднанне трыадзінай Русі», якое нібы мусіць адбыцца праз паўгады пасля захопу ерэтыкамі і раскольнікамі Кіева-Пячэрскай і Пачаеўскай Лаўраў. Гурый шчыра пажадаў, каб гэтае «прароцтва» здзейснілася, а следам ударыўся ў містыцызм, расказаўшы гісторыю пра трагедыю ў Куранеўцы (Бабій Яр) пасля таго, як бальшавіцкая ўлада зачыніла Кіева-Пячэрскую Лаўру ў 1961 годзе. Уладыка звязаў гэтыя падзеі ў прычынна-следную сувязь і параіў маліцца, каб падобнае не паўтарылася сёння, маючы на ўвазе «рэйдэрскі захоп» арэндаванай УПЦ у дзяржаўнага запаведніка маёмасьці ў Лаўры.