
Улады рэжыму настойліва заклікаюць палітычных эмігрантаў вяртацца. Раней існавалі адмысловыя чат-боты ад сілавікоў, куды трэба было напісаць. А днямі стала вядома пра стварэнне цэлай камісіі па вяртанні, якую ўзначаліць Генеральны пракурор.
Сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы Dissidentby Вячаслаў Касінераў лічыць такія заклікі маніпуляцыяй і раіць не паддавацца на іх.
– Банальная псіхалагічная атака. Падобныя псіхалагічныя атакі маюць месцы заўсёды – і ў рамках нейкіх рэвалюцыйных падзеяў, і ў рамках войнаў. Умоўны праціўнік, які бачыцца дыктатару ў выглядзе апазіцыі, у нейкіх дзеячах грамадскіх ініцыятываў, праваабаронцаў – гэта праціўнік. А праціўніка трэба пастаянна душыць. Калі ты не можаш да яго прыслаць ОМОН, ты пачынаеш ціснуць на яго вось такім маральным чынам, гаворачы: прыязджай. Хтосьці прыязджае, і яго садзяць. Ён паказвае сваю такую сілу, свае магчымасці. Гэта тое ж самае, што было зроблена з Раманам Пратасевічам.
Дзяржпагранкамітэт сцвярджае, што за 2022 год на мяжы было затрымана 52 чалавекі, якіх ўлады падазраюць у экстрэмізме. Сапраўдныя лічбы могуць быць нашмат большымі – прынізлівыя пакаянныя відэа з затрыманымі па вяртанні ў Беларусь сілавікі публікуюць ледзь не два разы на тыдзень.
Беларускае Радыё Рацыя