У Беластоку ў хабе “Новая зямля” позна ўвечары 26 студзеня прайшла вечарына памяці гарадзенскага паэта і публіцыста Юры Гуменюка. 10 гадоў таму, у студзені 2003 года паэт трагічна скончыў свой жыццёвы шлях.
Асноўным арганізатарам вечарыны выступіў літаратар Алесь Аркуш. Ён расказаў пра сваё сяброўства з Гуменюком і час ставарэння Таварыства Вольных Літаратараў, удзел у ім гарадзенскага паэта, пра зборнікі вершаў паэта, пра гісторыю часопіса “Калоссе”. Гучаў голас Юры Гуменюка з архіўнай перадачы Беларускага Радыё Рацыя, з якім ён шчыльна супрацаваў апошнія гады жыцця.

Журналісткі “Нівы” Ганна Кандрацюк-Свярубская і Міра Лукша распавялі пра сваё сяброўства з гарадзенскім паэтам, пра яго прыезды ў Беласток. Напрыканцы яны таксама чыталі свае пераклады вершаў паэта на польскую мову. Юры Гумянюка на Падляшшы любілі асабліва. Юры Хмялеўскі прыгадаў свае сустрэчы з Гумянюком і тое, як ён супрацаваў з выданнем “Часопіс”.



Уладзімір Арлоў прачытаў сваё эсэ, прысвечанае Гумянюку, з кнігі “Імёны Свабоды”. Актор Васіль Калач чытаў вершы паэта. Уладзімір Хільмановіч расказаў пра перыяд супольнай працы ў гарадзенскай газеце “Пагоня” і пра легендарную кавярню “Батлейка”, якая месцілася ў Гарадзенскім лялечным тэатры, Юры Гумянюк пэўны час працаваў у гэтым тэатры літкансультантам. Яшчэ адзін гарадзеец Ян Роман успомніў пра апошнія гады паэта і яго асяроддзе.



Вечарына памяці Юры Гуменюка сабрала няшмат людзей, але доўжылася больш чым 2 гадзіны і прайшла ў вельмі сентыментальнай атмасферы.