Суддзя Валерый Раманоўскі з абласнога суда Гародні выдаў даведку адносна гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына. Згодна з гэтым дакумантам, Івашына засудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэксу РБ: ч.1 арт. 356 («здрада дзяржаве») і арт. 179 («незаконны збор або распаўсюд дадзеных аб асабістым жыцці, якія з’яўляюцца асабістай ці сямейнай таямніцай іншай асобы, без яе згоды, што спрычынілася да шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага»). Аднак раней сваякі палітвязня паведамлялі пра тое, што затрымлівалі Дзяніса аператыўнікі КДБ паводле артыкула 365 («умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Гэты ж артыкул быў выкарыстаны для санкцыянавання ператрусаў у Івашыных і выняцця кампутарнай тэхнікі і іншых рэчаў.

Цяпер жа атрымліваецца, што першасны артыкул быў толькі нагодай для палітычнага пераследу Івашына і далейшай фальсіфікацыі крымінальнай справы супраць яго.

Калі і з якой прычыны адбылася замена ці перакваліфікацыя абвінавачання ва ўмовах закрытасці працэсу разгляду справы даведацца немагчыма. Але дакладна вядома, што так званы Абласны суд Гародні пачынаў разгляд справы менавіта паводле першых двух артыкулаў 365 і 356. Адпаведна можна меркаваць, што арт. 365 замяніў у працэсе Раманоўскі самастойна або паводле просьбы прадстаўніка боку абвінавачання.

Верагоднай прычынай можа быць той факт, што доказаў «злачынства» паводле арт. 365 не знайшоў нават лукашэнкаўскі «суд». Але ж і абвінавачанне паводле 179 артыкула ў дачыненні да журналіста таксама не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо Івашын збіраў інфармацыю з адкрытых крыніц (сацыяльныя сеткі ці СМІ), і ў сваіх артыкулах заўсёды падаваў спасылкі на гэтыя крыніцы. Атрымліваецца, што фактычна журналіста засудзілі за яго прафесійную дзейнасць.

Нагадаем, што «прысуд» Дзянісу Івашыну 14 верасня 2022 года агучыў менавіта Валерый Раманоўскі. Паводле працэдуры была пададзеная апеляцыйная скарга ў Вярхоўны Суд, які 20 снежня 2022 пакінуў рашэнне Абласнога «суда» ад 14 верасня без зменаў: 13 гадоў і 1 месяц ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф 150 базавых велічынь (4800 беларускіх рублёў) і кампенсацыя маральнай шкоды 9 «пацярпелым» асобам па 2000 беларускіх рублёў кожнаму.

Таксама сваякі Дзяніса Івашына паведамілі, што журналіст з 18 студзеня знаходзіцца ў папраўчай калоніі №15 гораду Магілёва, і яны дагэтуль не маюць з ім ніякай сувязі. Перад пераводам палітвязня ў калонію канваіры ў гарадзенскай турме вынялі з яго рэчаў усе станкі для галення. Сваякі хвалююцца, што гэта было зроблена наўмысна, каб пазней супрацоўнікі калоніі маглі звінаваціць Івашына ў парушэнні правілаў унутранага распарадку (неадпаведны знешні выгляд) і змясціць яго ў ШІЗА.