У судзе Ваўкавыскага раёна разглядзелі крымінальную справу супраць аднаго з адміністратараў тэлеграм-канала «Армія з народам» Сяргея Ярашэвіча, засуджанага раней да пяці з паловай гадоў калоніі. 

Суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў палітвязня вінаватым і прысудзіў яму яшчэ дзевяць месяцаў пазбаўлення волі, паведамляе «Вясна». Ярашэвіча звінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). 

Сяргей — адзін з адміністратараў тэлеграм-канала «Армія з народам», а таксама муж даверанай асобы Святланы Ціханоўскай, таксама палітзняволенай Антаніны Канавалавай. Ён вярнуўся ў Беларусь пасля затрымання жонкі.

Па дадзеных праваабаронцаў, за апошнія два гады як мінімум 46 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 18 пачалі новыя крымінальныя справы па артыкуле 411 КК.