
31 студзеня павінен быў скончыцца тэрмін утрымання пад вартай гарадзенскага журналіста і культурнага дзеяча, а цяпер палітвязня, Паўла Мажэйкі. Аднак журналіста не вызвалілі, а тэрмін утрымання працягнулі яшчэ на адзін месяц.
Павел Мажэйка знаходзіцца за кратамі ўжо пяць месяцаў. З канца снежня 2022 года Паўлу перасталі выдаваць вітаміны і лекі ад родных. Яшчэ раней яму абмежавалі пасылкі і бандэролі.
Павел Мажэйка быў затрыманы і арыштаваны 30 жніўня ў Гародні, калі вярнуўся туды з Беластоку. Цяпер ён знаходзіцца за кратамі ў СІЗА гарадзенскай турмы. За што — дакладна невядома дагэтуль, яго адвакат знаходзіцца пад жорсткай падпіскай аб неразгалошванні.
Падтрымайце Паўла: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Павел Іванавіч Мажэйка