Вашай увазе краязнаўчы каляндар Гарадзеншчыны на люты месяц.

1 лютага

160 гадоў таму (1863) – Літоўскі правінцыйны камітэт (утвораны летам 1862 г.) абвесьціў сябе Часовым правінцыйным урадам Літвы і Беларусі. З гэтага часу трэба адлічваць пачатак вызвольнага паўстаньня на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На тэрыторыі Гарадзенскай губерні пачынаюцца ўзброеныя дзеянні паўстанцаў.

5 гадоў таму (2018) – У Франкфурце на Майне (Германія) памёр Барыс Кіт, беларускі навуковец, дзеяч эміграцыі (ЗША, Нямеччына). Пахаваны на могілках у Вісбадэне. Не так даўно на магіле быў усталяваны крыж, выраблены і прывезены з Беларусі.

2 лютага

Сусьветны дзень водна-балотных нетраў.

675 гадоў таму (1348) – У бітве з крыжакамі загінуў Нарымонт, князь ВКЛ, другі сын Гедыміна. Перамога войск ВКЛ над крыжакамі на рацэ Стрэва (прыток Нёману).

185 гадоў таму (1838) – У в. Мастаўляны (Беласточчына) нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, нацыянальна-вызвольны дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году.

55 гадоў таму (1968) – Адкрыўся літаратурна-этнаграфічны музей у Гудзевічах (Мастоўскі р-н).

3 лютага

100 гадоў таму (1923) – У Івянцы (Валожынскі р-н) нарадзіўся Віталь Цярпіцкі, удзельнік БКА, грамадзкі і царкоўны дзеяч беларускай эміграцыі (Вялікабрытанія, ЗША). Вучыўся ў Наваградскай настаўніцкай семінарыі.

6 лютага

185 гадоў таму (1838) – У Дзятлаве нарадзіўся Ізраіль Меір Каган (Хафец Хаім), габрэйскі рэлігійны і грамадзка-культурны дзеяч, знаўца Талмуду і Галахі Новага часу. Жыў і працаваў у Радуні.

7 лютага

10 гадоў таму (2013) – У Менску памёр Нікан Мікуліч, беларускі вайсковец паветрана-дэсантнага батальёну “Дальвіц”, вязень ГУЛАГу. Нараджэнец в. Круплі (Івейскі р-н).

8 лютага

130 гадоў таму (1893) – У Санкт-Пецярбургу нарадзіўся Антон Неманцэвіч, беларускі ўніяцкі сьвятар, царкоўны дзеяч, вязень савецкіх і фашысцкіх турмаў. Працаваў у Слоніме, Альбярціне, Сынковічах.

5 гадоў таму (2018) – У Сьвіслачы памёр Генадзь Радзецкі, беларускі настаўнік, актывіст грамадзка-культурніцкага руху. Пахаваны ў Поразаве.

12 лютага

225 гадоў таму (1798) – У Пецярбургу памёр Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітай, вялікі князь літоўскі ў 1764-95 гг. Пахаваны ў касьцёле Сьв. Кацярыны на Неўскім праспэкце. У крас. 1938 парэшткі перапахаваны ў касьцёле ў Воўчыне (Камянецкі р-н). Меў рэзідэнцыі ў Гародні.

90 гадоў таму (1933) – У в Чэрніхава (Баранавіцкі р-н) нарадзіўся Мікалай Грышан, беларускі настаўнік, паэт, сябра ТБМ, КХП. Жыў і працаваў у Казлоўшчыне, Лявонавічах, Сямёнавічах, Раготне (Дзятлаўскі р-н) у 1952-93 гг.

13 лютага

410 гадоў таму (1613) – Памёр Юры Радзівіл, дзяржаўны дзея ВКЛ. Валодаў маёнткамі Індура (Гарадзенскі р-н), Бяліца, Дакудава (Лідскі р-н), Жырмуны (Вараноўскі р-н), Жупраны (Ашмянскі р-н).

120 гадоў таму (1903) – У в. Вострава (Зэльвенскі р-н) нарадзіўся Серафім Татарын, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, актывіст Грамады і ТБШ.

55 гадоў таму (1968) – Нарадзіўся Антось Савук, беларускі краязнавец, публіцыст. Жыў і працаваў у Лідзе.

14 лютага

70 гадоў таму (1953) – У Гародні нарадзілася Таццяна Маліноўская, беларуская грамадзкая дзеячка, культуролаг.

15 лютага

160 гадоў таму (1863) – У баі каля в. Рэчыца (Пружанскі пав.) загінуў Станіслаў Сангін, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гг. Працаваў на Гарадзеншчыне.

65 гадоў таму (1958) – У ЗША памёр Язэп Рэшаць, беларускі рэлігійны і культурна-асьветніцкі дзяяч, каталіцкі сьвятар, доктар філасофіі і тэалогіі. Служыў у Гародні вікарыем.

17 лютага

135 гадоў таму (1888) – У мяст. Гальшаны (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Янка Вярсоцкі, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч.

85 гадоў таму (1938) – У перасыльным лагерным пункце памёр рэпрэсаваны Міхась Багун (сапр. Блошкін), беларускі паэт, пісьменьнік, перакладнік. Месца пахаваньня невядомае, у Гародні на старых каталіцкіх могілках кенатаф.

80 гадоў таму (1943) – У Росіцы (Верхнядзьвінскі р-н, Віцебская вобл.) фашысты спалілі каля 30 чалавек. Сярод іншых загінуў Антон Ляшчэвіч, нараджэнец в. Абрамаўшчына (Смургонскі р-н), беларускі сьвятар-марыянін, які застаўся зь вернікамі і сам пайшоў на сьмерць. Пазьней блаславёны.

18 лютага

35 гадоў таму (1988) – Савет Міністраў узяў пад ахову цэнтр Гародні – помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры.

21 лютага

Міжнародны дзень роднай мовы.

105 гадоў таму (1918) – Абвешчана Першая устаўная грамата БНР і створаны першы беларускі ўрад – Беларускі Народны Сакратарыят.

22 лютага

160 гадоў таму (1863) – Ля вёскі Даўкшышкі (Ашмянскі р-н) адбылася сутычка паміж паўстанцамі на чале з Фэліксам Віславухам і Станіславам Бухавецкім і расейскім карным войскам.

29 лютага (няма ў гэтым годзе)

555 гадоў таму (1468) – На сойме Вялікім князем Казімірам Ягелёнчыкам выданы Судзебнік – першы кодэкс крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права ВКЛ.