Пачаўся трэці судовы працэс над баранавіцкім актывістам Уладзімірам Гундарам. Яго абвінавачваюць у тым, што ў час папярэдняга судовага працэсу па «справе Аўтуховіча» ён выказаўся пра пракурорку

Учора ў Ленінскім судзе Гродна пачаўся разгляд вось ужо трэцяй крымінальнай справы супраць палітвязня Гундара. Яго вінавацяць у абразе пракуроркі Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачванне на папярэднім працэсе над Гундарам.

Сама Герасіменка на суд учора не з’явілася. Як і не прыйшлі міліцыянты ў статусе сведак, якія прысутнічалі на тым судзе.

Уладзімір адмовіўся даваць паказанні як падчас “следства”, так і на “судзе” — спаслаўся на артыкул 27 Канстытуцыі, які дазваляе не сведчыць супраць сябе, паведамляе @viasna_brest.

Судовы працэс працягнуўся сёння ў 14:30. Яшчэ ўчора суддзя агучыла, што прысуд будзе абвешчаны толькі пасля разгляду апеляцыі на папярэдні прысуд Гундару.

Падтрымаць Уладзіміра: Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар