1 лютага роўна 160 гадоў таму (1863) – Літоўскі правінцыйны камітэт (утвораны летам 1862 г.) абвесьціў сябе Часовым правінцыйным урадам Літвы і Беларусі. З гэтага часу трэба адлічваць пачатак вызвольнага паўстаньня на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На тэрыторыі Гарадзенскай губерні пачаліся ўзброеныя дзеянні паўстанцаў.
Беларускае Радыё Рацыя з гэтай нагоды пагаварыла з гісторыкам і грамадскім актывістам, які значны час працаваў у Гародні, Яўгенам Дудкіным.

РР: Чаму нацыянальна-вызвольнае паўстанне Каліноўскага лічыцца важнай падзеяў у гісторыі Беларусі? Было ж і раней паўстанне – Тадэвуш Касцюшкі.
Яўген Дудкін: Калі казаць пра паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, то гэта хутчэй за ўсё было паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Яно не мела выражанага нацыянальнага характару. Бо ішла размова пра вяртанне незалежнасці самой дзяржавы ў канкрэтных межах. А калі мы кажам пра паўстанне Кастуся Каліноўскага, тут уздымаецца беларускае пытанне, на гэта дае адказы «Мужыцкая праўда», што варта захаваць сваю беларускую мову, што ў ВКЛ гэта была мовай справаводства, ідзе зварот да сялянства як асноўнай рухаючай сілы для вяртання гэтай незалежнасці, ні шляхты, як палітычны народ, а сялянства, якое складала асноўнае насельніцтва Беларусі.
РР: Падзеі паўстання адбываліся велімі шырока геаграфічна і ў ім удзельнічала шмат выбітных асобаў. Пра што гэта гаворыць?
Яўген Дудкін: Гэта гаворыць пра тое, што шмат людзей ўдзельнічала ў паўстанні. Па-другое, паказвае геаграфію самога паўстання. Перадусім гэта заходняя Беларусь, Меншчына, вядома, што Горкі былі ўзятыя на Магілёўшчыне. Аднак палітыка русіфікацыі расейскай улады прывяла да таго, што ва ўсходніх губерніях была знішчана прага жадання незалежнасці і праўдзівая гісторыя пра ўласную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае. Улады спрабавалі выкарыстоўваць сялян супраць шляхты, ствараючы штучна польска-беларускі канфлікт. То бок, пазіцыя расейскай улады – падзяляй і ўладар.
РР: Чаму ўлада сённяшняга рэжыму ў Менску замоўчвае паўстанне?
Яўген Дудкін: Замоўчваецца па адной простай прычыне – гэта кажа пра змаганне беларусаў супраць царызму. А царызм у нас з усходу – гэта Расея. А па-другое, прасочваюцца ідэі незалежнай беларускай дзяржавы, якая будзе вольная ад Расеі, што таксама парушае ўсю ідэалагічную канцэпцыю рэжыму Лукашэнкі, які лічыць, што Беларусь без Расеі ніяк не пражыве. Можа пражыць. І пра гэта казаў Кастусь Каліноўскі.
Цалком размова ў далучаным гукавым файле: