2-га лютага спаўняецца 185 гадоў з Дня нараджэння Кастуся Каліноўскага – лідара студзеньскага паўстання 1863 года. З гэтай нагоды ў Варшаве адбудзецца сустрэча-відэалекторый, прысвечаная герою нацыянальна-вызваленчага руху.

Што будзе ўяўляць сабой падзея, распавёў „Госць Рацыі”, лектар вечару, гісторык з Гарадзеншчыны і аўтар кнігі „Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда” Васіль Герасімчык:

– Я распавяду пра Кастуся Каліноўскага, пакажу дакументы, якія яшчэ да гэтага часу нідзе не фігуравалі. Патрапілі мне, іншым даследчыкам, але не сталі больш папулярнымі, вядомымі. Будуць відэа з розных мерапрыемстваў, якія раней не афішаваў. Матэрыялы з археалагічных раскопак, якія вяліся на замкавай гары ў 2017-2019 гг., у Вільні. Будзе што паглядзець і будзе, што паказаць. Пачнецца ўсё з невялічкай віктарыны, ну а далей ужо больш актыўна пагаворым пра саму асобу Кастуся Каліноўскага. Яго асоба сёння набывае новае гучанне, новае напаўненне. Актуальнасць была заўсёды, але менавіта ў такія крытычныя моманты Кастусь Каліноўскі з новай моцай яго імя гучыць сярод беларусаў.

Сёння, у час крызісу, гэтая асоба зноў цікавіць беларусаў і не толькі. Цікавіць тых, хто імкнецца шальмаваць, зганьбіць гэта імя, якое шмат зрабіла для таго, каб сёння мы мелі сваю зямлю, сваю Радзіму, сваю краіну. Кастусь Каліноўскі пражыў усяго 26-ць гадоў, але тое, што было ім закладзена, зроблена разам з паплечнікамі, тыя ідэі, якія натхнялі яго наступнікаў, нашчадкаў у 20-м стагоддзі. Гэта ўсё здзіўляе, як ідэі, якія могуць быць непапулярнымі, не падтрымлівацца шырокімі коламі грамадства амаль два стагоддзі таму, як яны перарастаюць і набываюць новае гучанне. Яны становяцца распаўсюджанымі, іх падтрымліваюць тысячы і тысячы людзей, якія нават гатовыя за гэтыя ідэі ахвяраваць самае дарагое, што ў іх ёсць – уласнае жыццё. Гэта кранае, гэта натхняе працаваць надалей.

Таксама цікава, як сам Кастусь Каліноўскі прайшоў шлях эвалюцыі сваіх поглядаў, свайго бачання, разумення сваёй уласнай ідэнтычнасці. Гэта тое, што непасрэдна ўражвае мяне ў асобе Кастуся Каліноўскага.

Імпрэза, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму, адбудзецца ў Музеі Вольнай Беларусі (ul. Foksal 11) у чацвер, 2-га лютага. Пачатак у 18.30.

поўнасцю гутарку слухайце ў далучаным файле: