
2 лютага ў Гародні працягваюцца палітычныя карныя працэсы па крымінальных справах. З раніцы ў абласным судзе Дзмітрый Бубенчык адкрыў чарговае паседжанне па справе Анджэя Пачобута.
Палітзняволенага журналіста і дзеяча Саюзу палякаў у Беларусі абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, якія скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс, які пачаўся яшчэ 16 студзеня, праходзіць у закрытым рэжыме. Пасля зачытвання пракурорам абвінавачання, ідзе допыт сведак па справе.
А 14.30 у тым жа будынку абласнога суду працягнецца працэс (ён пачаўся 9 студзеня) у дачыненні да Таццяны Трафімчык. Яе засудзіць Аляксандр Козел.
Трафімчык судзяць па чатырох артыкулах крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 130 УК РБ – Распальванне расавай, нацынальнай, рэлігійнай ці іншай варожасці;
ч. 2 арт. 367 КК РБ – Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі;
ч. 1 арт. 368 КК РБ – Знявага Лукашэнкі;
ч. 2 арт. 366 КК РБ – Гвалт альбо пагроза ў дачыненні асобы, якая выконвае службовыя абавязкі.