Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей быў адкрыты 2 лютага 1968 году. Першых наведнікаў ён прыняў невыпадкова паўвека таму ў гэты дзень – стваральнік гэтага ўнікальнага асяродку Алесь Белакоз прымеркаваў адкрыццё экспазіцыі наўмысна да 130-ых угодкаў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага.

Гудзевічы зрабіў знакамітымі адзін чалавек – Алесь Белакоз. Хоць гэтая вёска ў сучасным Мастоўскім раёне мае ў сваёй гісторыі цэлы шэраг іншых цікавых людзей. Музей літаратурнага краязнаўства заснаваны Белакозам быў у 1965-ым годзе. Менавіта тут паўстаў першы стэнд прысвечаны вялікай паэтцы Ларысе Геніюш. Яна вучылася ў Гудзевічах у пачатковай школе ў 1919-20 гадах.

У музеі можна ўбачыць старажытны човен, знойдзены і адкапаны на Нёмане, багатую калекцыю мінералаў, лісты і кнігі падпісаныя класікамі беларускай літаратуры, унікальную калекцыю падвойных дываноў, адзіны ў свеце глобус па-беларуску, вырабы мясцовых кавалёў, збор народнага адзення, іншыя каштоўнасці.

Гудзеўскі (на варыянце Гудзеўскі, а не Гудзевіцкі, настойваў менавіта сам Белакоз) музей – сапраўдны асяродак беларускай тоеснасці, адлюстравання нашага мінулага. Белакоз праз сваю музейную справу зрабіў уплыў на тысячы беларусаў, знайшоў культурны ключ, дзейсны шлях адбітку на сведамасці тых, хто ад вякоў імкнуўся “людзьмі звацца”, але так і не даспеў да належнай грамадска-нацыянальнай супольнасці. Музей рос, шырыўся і прырастаў новымі экспанатамі. Створаны на грамадскіх пачатках пры школе, ён у 1990-ым годзе на золку суверэнітэту атрымаў статус дзяржаўнага. І атрымаў гэты знак якасці абсалютна заслужана за сваю адметнасць і зборы – агульная плошча экспазіцыі складае больш 700 квадратных метраў, а зберагаецца ў гэтым асяродку больш 12 тысяч экспанатаў.