У Гародні судзяць журналіста і аднаго з лідараў Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута. Судзяць, трэба меркаваць, наўмысна менавіта ў яго родным горадзе, дзе ён рос, сталеў і фармаваўся як асоба. У рэжыму ўсё адбываецца з падтэкстам, таму месца выбару судзілішча невыпадковае. Арыштавалі Пачобута таксама ў сімвалічны дзень – 25 сакавіка 2021 года, якраз у тую дату, калі беларусы святкуюць Дзень Волі. Журналіста значны час трымалі ў следчым ізалятары Менску (сумнавядомай «Валадарцы»), потым у следчай турме Жодзіна і ўрэшце прывезлі на суд у горад над Нёманам.

Судовы палітычны працэс, які пачаўся 16 студзеня ў абласным судзе, вядзе Дзмітрый Бубенчык. Сваю карную кар’еру гэты суддзя пачаў яшчэ ў 2014 годзе, калі засудзіў да штрафу Вольгу Крапоціну (будучую жонку іншага гарадзенскага палітвязня-журналіста – Дзяніса Івашына) за ўлёткі супраць захопу Расеяй украінскага Крыма. Потым ён шматразова судзіў розных грамадскіх актывістаў, а ня так даўно пайшоў на падвышэнне ў абласны суд.

Палітзняволенага журналіста Пачобута абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, якія скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці. Гэта два розныя артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія абсалютна «прыцягнутыя за вушы». Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Пасля зачытвання пракурорам абвінавачання, у судзе пачаўся допыт сведак па справе. Зразумела, што Пачобута пераследуюць найперш за дзейнасць на карысць развіцця польскай меншасці на Гарадзеншчыне, за польскую асветніцкую і культурную працу ў розных кірунках. Але не толькі за гэта, а яшчэ і за публіцыстычныя артыкулы, паколькі ён заўсёды пісаў у польскіх медыях праўду пра сітуацыю ў Беларусі.

Памятаю Андрэя Пачобута яшчэ студэнтам, зусім маладым хлопцам, ужо тады ён вылучаўся ад іншых абвостраным пачуццём справядлівасці і сваім нонканфармізмам, не ішоў па плыні, а імкнуўся сцвярджаць свае погляды. Пачобут быў вельмі актыўны ў гарадзенскім андэграўндзе, граў у рок-гурце, пісаў цікавыя тэксты. Быў блізкі да беларускіх грамадскіх асяродкаў, удзельнічаў у алімпіядах «Маладога Фронту», супрацаваў з грамадскім аб’яднаннем «Фонд імя Льва Сапегі», пісаў у газеце «Пагоня», а потым дзеіў у гарадзенскай філіі Беларускай Асацыяцыі Журналістаў. Такая грамадская пазіцыя не даруецца ўладамі, якія сістэмна душаць кожнае вольнае слова.

Першы раз Анджэя Пачобута судзілі па крымінальнай справе яшчэ ў 2011 годзе – за нібыта абразу Прэзідэнта Беларусі, потым дадалі яшчэ адзін артыкул Крымінальнага кодэксу – за паклёп на Лукашэнку. Працэс ішоў летам, таксама быў закрытым. На яго ў Гародню прыязджалі вясноўскія праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч (зараз іх таксама судзяць у Менску). Тады (час у параўнанні з сённяшнім быў яшчэ досыць «вегетарыянскім») была арганізаваная кампанія беларуска-польскай салідарнасці. Дзякуючы ёй, а найперш высілкам дыпламатыі Польшчы, Пачобута пасля трох месяцаў зняволення, усё ж выпусцілі з турмы, апраўдаўшы па першым артыкуле, але прызнаўшы вінаватым у паклёпе. Ён быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуда на 2 гады.

Яшчэ адна крымінальная справа (паўторнае абвінавачанне ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы за публікацыі на інтэрнэт-рэсурсах «Хартыя 97» і «Белорусский партизан») была заведзена на Пачобута летам 2012 года. Яго зноў арыштавалі, потым досыць хутка вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, а праз 8 з паловай месяцаў справу закрылі.

Характэрна, што ніколі Анджэй Пачобут не пісаў ніякіх прызнанняў сваёй віны, прашэнняў аб памілаванні, хоць яму такое прапаноўвалася. Бо гэта якраз той чалавек, які ніколі не зрачэцца сваіх поглядаў, прынцыпаў і пазіцый. Якраз той чалавек, які «за нашу і вашу свабоду» будзе змагацца да канца, нават за кратамі.

Уладзімір Хільмановіч