Школьная сталоўка / БЕЛТА

Настаўнікі змогуць купляць абеды ў школьных сталоўках пасля таго, як беларускі парламент ухваліць дапаўненні ў Кодэкс аб адукацыі. Гэтыя дапаўненні дазваляюць работнікам школ купляць гарачае харчаванне ў школьных сталоўках “з невялікім падвышальным каэфіцыентам”. Пра гэта піша БЕЛТА са спасылкай на міністра адукацыі Андрэя Іванца.

“Гэты законапраект ужо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі і ў найбліжэйшы час паступіць у парламент. З улікам актуальнасці гэтай тэмы мы мяркуем, што парламентарыямі ён будзе прыняты ў самыя кароткія тэрміны”, — сказаў міністр.

Іванец нагадаў, што абеды для дзяцей датуюцца дзяржавай. Таму настаўнікам і забаранілі купляць абеды ў школьных сталоўках. Педагогі тады абурыліся, паскардзіліся журналістам. Пасля агалоскі праблемы прадстаўнікі Мінадукацыі спачатку заявілі, што настаўнікі могуць харчавацца ў памяшканнях, абсталяваных халадзільнікам, чайнікам і іншымі неабходнымі электрапрыборамі, а таксама купляць ежу ў школьных буфетах. Але ў многіх школах буфетаў зусім няма. У выніку настаўнікі змушаныя, каб перакусіць, зачыняцца ў класах і нават хавацца ў гардэробе.

https://euroradio.fm