Працэс “перарэгістрацыі” палітычных партыяў пачнецца вельмі хутка. Пра гэта паведаміў міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, інфармуюць дзяржаўныя медыі.

Міністр нагадаў, што нядаўна Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект «Аб змяненні законаў у пытаннях дзейнасці палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў». Яго яшчэ мусіць падпісаць Лукашэнка.

Дакумент прадугледжвае павелічэнне ў пяць разоў мінімальнага парогу колькасці для стварэння палітычнай партыі, неабходнасць стварэння арганізацыйных структураў палітычных партыяў у кожнай вобласці і Менску. Пры гэтым дазволена фінансаваць партыі з рэспубліканскага або мясцовага бюджэтаў, але забаронена з замежных крыніцаў.

Прадугледжваецца і магчымасць ліквідацыі партыі ў выпадку забароненай заканадаўствам дзейнасці або атрымання грошай ці маёмасці з-за мяжы.

У Беларусі на сёння зарэгістраваныя 15 палітычных партыяў. Апошнюю з іх зарэгістравалі ў 2000 годзе. Перад тым шмат якія партыі былі ліквідаваныя падчас перарэгістрацыі 1999 года.

Правесці чарговую перарэгістрацыю партыяў Лукашэнка даручыў яшчэ ў верасні 2020 года. Сваё патрабаванне ён паўтарыў і ў лютым 2021 года, загадаўшы зрабіць тое цягам паўгоддзя. Але дагэтуль закон так і не падпісаны.

На практыцы “перарэгістрацыя” партый на такіх умовах азначае іх фактычнае закрыццё. Застануцца толькі некалькі выразна праўладных партый, якія засведчылі сваю лаяльнасць да рэжыму, а фактычна ніколі не мелі і не маюць сур’ёзных арганізацыйных структураў.