
Праваахоўныя структуры Гарадзеншчыны цешыліся на мінулым тыдні вынікамі 2022 года. Неверагодна, але факт: суды вобласці за ўвесь 2022 год не абвецілі аніводнага (!!!) апраўдальнага прысуду.
На 3,5 тысячы больш справаў разгледзелі ў Гарадзенскай вобласці ў 2022 годзе
У 2021 годзе лічба справаў і матэрыялаў, якія паступілі на разгляд судамі вобласці, была 55 444. У 2022-м паступленне склала 58 885 спраў. 976 чалавек пакаралі пазбаўленнем свабоды.
За мінулы год у Гарадзенскай вобласці разгледзелі каля 26 000 адміністрацыйных спраў. Больш за 70% абвешчаных пакаранняў за адміністрацыйныя правапарушэнні – штрафы.
Пракуратура змагалася ў 2022 годзе з «экстрэмізмам»
«Як вынік — сёння ў Гарадзенскай вобласці назіраецца кантралюемая грамадска-палітычная абстаноўка, адсутнічаюць істотныя знешнія праявы дэструктыўнай дзейнасці», — лічаць у пракуратуры.
Колькасць злачынстваў у 2022 годзе ў Гарадзенскай вобласці зменшылася. Скарацілася колькасць хатняга гвалту, забойстваў, рабаванняў, вымагальніцтваў, хуліганстваў. Скарацілася колькасць траўмаў на вытворчасці, гібеляў і траўмаў у выніку ДТЗ, утапленняў, на пажарах. Лепш выяўляецца карупцыя.
Стала на 82,6% больш махлярства. Таксама вырасла колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Гэта крадзяжы, хуліганства і незаконны абарот наркотыкаў і псіхатропаў.

кіраўнікі пракуратуры
Начальнік упраўлення УСК па Гродзенскай вобласці Эдуард Маліноўскі лічыць тое, што зусім не было апраўдальных прысудаў, дасягненнем! «Галоўнае наша дасягненне па выніках года — гэта адсутнасць выпадкаў незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці, фактаў пастановы судамі апраўдальных прысудаў па крымінальных справах следчых вобласці», — паведаміў ён «Гродзенскай праўдзе». Для параўнання: у Еўропе і ЗША апраўдваюць амаль трэць падсудных, у Вялікабрытаніі – 40%.
15 тысяч заяў аб злачынствах у 2022 годзе атрымалі следчыя Гарадзенскай вобласці. Большасць з іх — крадзяжы, нанясенне цялесных пашкоджанняў, незаконны абарот наркотыкаў. Крадзяжы склалі больш за 60% ад колькасці зарэгістраваных у вобласці злачынстваў. Калі верыць афіцыйным органам з’явілася тэндэнцыя да скарачэння роўню злачыннасці ў цэлым. Сума кампенсаванага ў ходзе следства шкоды і кошту маёмасці, арыштаванага ў яго забеспячэнне, склала больш за 4,8 мільёна рублёў.
паводле hrodna.life