
У судах рознага роўню цяпер знаходзяцца шэсць справаў, якія разглядаюць у рамках “спецыяльнай вытворчасці”. Пра гэта ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” расказаў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.
Раней ужо былі вынесеныя два завочныя прысуды па спецвытворчасці — па стваральніках Беларускага фонду спартовай салідарнасці і па адміністратарах тг-канала “Чорная кніга Беларусі”. Ва ўсіх выпадках суды завочна прызначылі па 12 гадоў зняволення.
“З пункту гледжання асваення тут няма нейкіх складаных праблем Мы ўжо адаптаваліся да гэтай навелы, актыўна яе ўжываем, і я думаю, што яна мае права на жыццё”, — заявіў Сукала пра завочныя палітычныя суды.
Спецыяльная вытворчасць — лукашэнкаўскае новаўвядзенне для палітэмігрантаў. Праз такія суды ўлады забіраюць у палітэмігрантаў маёмасць, а ў будучыніі магчымае і пазбаўленне грамадзянства.