Журналіста і сябра непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута прыгаварылі да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд абвесціў сёння, 8 лютага, Гарадзенскі абласны суд (суддзя Дзмітрый Бубенчык). Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Палітзняволенага журналіста абвінавачвалі ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

Журналіст знаходзіцца за кратамі ад 25 сакавіка 2021 года. Анджэя Пачобута затрымалі тады разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. Яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся. „Распальванне варожасці” ўлады ўгледзелі ў артыкуле пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га.