Палітвязня, юрыста з Ліды, Ігара Пыж’янава ў магілёўскай калоніі моцна збівалі.

Пра гэта расказаў былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў з Гародні:

“Ігара Пыж’янава “вывозілі на раскрутку”, то бок хацелі распачаць новую справу. Ён пачаў галадоўку. Яго пасадзілі за гэта ў ШІЗА, дзе прабыў 30 сутак. Выйшаў адтуль як цень, але працягваў галадаць. Дзесьці ў верасні-кастрычніку я дазнаўся, што ён ізноў у ШІЗА. Чуваць было ягоны голас. Ён патрабаваў лекара. Лекара не клікалі. Ён пачаў крычаць гучней і абурацца. Тады яго збілі.

Усе мы чулі яго нечалавечыя крыкі і нават гукі ўдараў. Пасля дайшла інфармацыя, што ён не можа ані сядзець, ані ляжаць, а толькі стаіць. Потым яго пачалі напампоўваць абязбольвальнымі і транквілізатарамі. Аднаго разу атрымалася задаць яму некалькі пытанняў у прагулачным дворыку праз сцяну, але ён дрэнна іх разумеў, адказваў недарэчы і затарможана”.

Падтрымайце палітвязня лістамі і тэлеграмамі: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Ігар Юр’евіч Пыж’янаў

Вясна