У Беластоку ўвечары 8 лютага прайшла акцыя салідарнасці са зняволеным журналістам і дзеячам Саюзу палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам. Менавіта ў гэты дзень у Гарадзенскім абласным судзе яму прысудзілі ажно 8 гадоў калоніі строгага рэжыму.

На акцыі выступілі вядомыя грамадскія дзеячы: ад Саюзу палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі і журналіст Ян Роман, які вёў акцыю, ад беларускай дыяспары Беластоку Ян Абадоўскі, ад беларусаў Падляшша старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, ад “Вспульноты Польскай” Анна Кетліньска, ад БАЖу Зоя Хруцкая, ад правабаронцаў “Вясны” Алесь Капуцкі. Акцыя салідарнасці пры помніку Ежы Папялушку, што ў гарадскім беластоцкім парку, сабрала каля 60 чалавек, беларусаў і палякаў, якія падкрэслівалі адзінства ў змаганні за справядлівасць і вольнасць людзей.