
Беларускі каталіцкі святар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, педагог, публіцыст, адзін з ініцыятараў беларускага уніяцкага руху ў Заходняй Беларусі Антон Неманцэвіч нарадзіўся 8 лютага 1893 году ў Пецярбургу.
Пачатковую адукацыю Антон Неманцэвіч атрымаў у Сестржанцэвіцкай павятовай вучэльні, якую скончыў у 1909 годзе. З 1915 года быў сярод актыўных удзельнікаў беларускага культурна-асветнага гуртка ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу разам з Адамам Станкевічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Андрэем Цікотам і іншымі. Сябры гэтага гуртка разам з беларускай інтэлігенцыяй і настаўнікамі ў траўні 1917 года менавіта ў Петраградзе заснавалі Хрысьціянскую дэмакратычную злучнасць (ХДЗ), якая пазней стала называцца БХД.
У Петраградзе пасля заканчэння акадэміі з 1918 года а. Неманцэвіч служыў вікарыем касцёлу Святога Станіслава і пробашчам у Колпіне. Займаўся там рэлігійна-асветнай дзейнасцю, найперш сярод моладзі, будаваў храм на станцыі Сіверская. У Петраградзе а. Неманцэвіч за кароткі тэрмін тройчы быў пад арыштам. Першы раз – 25 траўня 1919 года, пасля дэманстрацыі каталікоў да будынка ЧК з патрабаваннем вызваліць архібіскупа Эдварда Ропа, другі – 12 красавіка 1920 года па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і трэці раз – 31 траўня 1921 года – за прапаганду супраць савецкай улады.
У 1922 годзе яго перавялі ў Маскву, служыў у храме Святых апосталаў Пятра і Паўла, выязджаў таксама ў каталіцкія парафіі ў Разані і ваколіцы, дзе не было святароў. Удзельнічаў у Маскве ў публічных дыскусіях з бальшавікамі, у тым ліку з наркомам асветы Луначарскім, пра веру і Бога. За сваю актыўную дзейнасць у 1923 годзе быў арыштаваны ў Маскве, прысуджаны да 3 гадоў канцлагера і з 1924 года знаходзіўся ў Іванаўскім лагеры пад Масквой. 1 лютага 1925 года бальшавікі яго абмянялі на сваіх, і Антон Неманцэвіч выехаў у Польшчу.

Грэка-католікі ў Альбярціне
У Польшчы ён палітычнай дзейнасцю непасрэдна не займаўся. Вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю. Працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законавучыцелем у школах Любліна. У 1928-29 гадах вёў заняткі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне каля Слоніма і пры ўніяцкай парафіі ў Сынковічах. Арганізаваў рэстаўрацыю і аднаўленне помніка абарончай архітэктуры з элементамі готыкі – царквы ў Сынковічах. У 1932-37 гадах рэдагаваў і выдаваў беларускі ўніяцкі часопіс “Да злучэння”. З 1934 года – прафесар фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў Папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (Заходняя Украіна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 годзе рэдагаваў часопіс “Злучэнне”. Яго часопіс “Да Злучэння” быў не толькі чыста рэлігійным, але і асветніцкім. Таксама варта адзначыць заснаванне ім пад нямецкай акупацыяй “Апостальства малітвы за Беларусь”. Па духу і сутнасці сваёй працы а. Неманцэвіч бараніў менавіта хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці, не будучы сябрам БХД.
Памёр беларускі святар напачатку студзеня 1943 года ў менскай турме нібыта ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці. Быў пахаваны 9 студзеня 1943 года на нямецкіх могілках у Менску святаром мясцовай праваслаўнай царквы.
Месца пахавання невядома. Памяць пра Антона Неманцэвіча ў Беларусі не ўшанавана.