МЗС Польшчы назвала несправядлівым прысуд журналісту Анджэю Пачобуту.

Цытата з заявы: «Анджэй Пачобут — польскі і беларускі патрыёт. Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць яго. Прыйдзе дзень, калі вольны Анджэй Пачобут і беларускія палякі змогуць жыць у свабоднай Беларусі».

МЗС Польшчы падкрэсліла, што ў Беларусі ажыццяўляецца сістэмная шматгадовая дыскрымінацыя польскай меншасці.

Працэс над палітвязнем праходзіў у Гарадзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. Дату пачатку разгляду справы двойчы пераносілі з невядомых прычын. Пачобут за кратамі ўжо больш за паўтара года. Зняволены мае праблемы са страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога не есць, толькі дыетычныя кашы. Вырак – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – агучыў суддзя Дзмітры Бубенчык.